ДЗЕЯСЛОВЫ З
ПРАДМЕТНАЙ СЕМАЙ ‘РАСЛІНА’ Ў БЕЛАРУСКАЙ І СЛАВАЦКАЙ МОВАХ
Дзеясловы
вузкай дэнататыўнай аднесенасці (або дзеясловы са спецыялізаванымі прадметнымі
семамі) рэдка станавіліся аб’ектам навуковага даследавання. У дадзенай працы
намі была зроблена спроба выпрацаваць магчымыя прынцыпы апісання і класіфікацыі
такіх дзеясловаў і прымяніць гэтыя прынцыпы на практыцы падчас даследавання
беларускіх і славацкіх дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’.
Першым крокам
нашага даследавання з’яўляўся збор фактычнага матэрыялу. З беларускіх і
славацкіх тлумачальных слоўнікаў метадам суцэльнай выбаркі намі былі адабраныя
дзеясловы, слоўнікавыя артыкулы якіх утрымлівалі абмежавальныя фрагменты
тлумачэння з указаннем на раслінную субстанцыю (напр., пра расліны, дрэвы; пра
зерне, пупышкі; o rastlinách і пад.) або непасрэдна ў тлумачэнні мелі спасылкі
на расліну (напр., зразаць траву касой або касілкай). Далейшы
аналіз сабранага матэрыялу дазволіў нам дакладна акрэсліць аб’ём паняцця
“дзеясловы з прадметнай спецыялізаванай семай ‘расліна’”. Так, у якасці
дзеясловаў з прадметнай спецыялізаванай семай ‘расліна’ (грамінальных
дзеясловаў) намі разглядаліся тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на
сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі раслін як жывых
арганізмаў або іх частак у пазіцыях суб’екта, аб’екта і інструмента ці
эксплікуюць прадметную сему ‘расліна’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у
сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы раслін або характар адносінаў,
якія складваюцца паміж раслінай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. Грамінальныя
дзеясловы з улікам іх семантычных асаблівасцей і сінтаксічных паводзін былі
падзеленыя намі на дзве асноўныя групы: 1) уласна-грамінальныя дзеясловы і 2)
перыферыйна-грамінальныя дзеясловы. У межах першай групы былі вылучаныя 1)
грамінальныя дзеясловы цэлага і 2) грамінальныя дзеясловы часткі; у межах
другой – 1) аб’ектна-грамінальныя дзеясловы і 2) грамінальныя дзеясловы
пакрыцця.
Адной з мэт
нашай працы з’яўлялася стварэнне комплекснай функцыянальна-арыентаванай
класіфікацыі беларускіх і славацкіх дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’,
якая б грунтавалася на аналізе семантыка-сінтагматычных уласцівасцей і
сінтаксічных паводзінаў грамінальных дзеясловаў у абедзвюх мовах. З улікам
таго, што названыя ўласцівасці дзеясловаў можна выявіць найперш падчас аналізу
іх функцыянавання ў выказваннях, намі было вырашана праводзіць класіфікацыю
грамінальных дзеясловаў на аснове аналізу тых сказаў, прэдыкатамі ў якіх могуць
з’яўляцца грамінальныя дзеясловы. Пры гэтым намі былі абраныя наступныя
элементы апісання, істотныя для стварэння комплекснай класіфікацыі грамінальных
дзеясловаў: 1) указанне базавай семантычнай мадэлі сказаў, прэдыкатамі ў якіх
могуць з’яўляцца грамінальныя дзеясловы; 2) указанне тыпавой семантыкі базавай
семантычнай мадэлі або яе лексіка-семантычных варыянтаў; 3) указанне
мінімальных структурных схем сказаў з грамінальнымі прэдыкатамі і асноўных
пашыральнікаў гэтых прэдыкатаў; 4) ўказанне спалучальнасных уласцівасцей
грамінальных прэдыкатаў. На наш погляд, названыя элементы апісання найбольш
істотныя для моўцы ў працэсе параджэння выказвання.
Аналіз
функцыянавання дзеясловаў з прадметнымі спецыялізаванымі семамі (у нашым
выпадку – грамінальных) схіляе нас да думкі, што працэс намінацыі сітуацый можа
адбывацца наступным шляхам: моўца з дапамогай органаў пачуццяў успрымае
інфармацыю пра пэўную сітуацыю рэчаіснасці (возьмем для прыкладу сітуацыю мужчына выкарчоўвае вішню). Затым
атрыманая інфармацыя пачынае аналізоўвацца (аналіз атрыманай інфармацыі
дазваляе вызначыць анталагічныя ўласцівасці ўдзельнікаў сітуацыі (прадметаў), а
з іх улікам суаднесці пэўныя прадметы з тым ці іншым
функцыянальна-адлюстравальным класам імёнаў і з канкрэтнымі лексемамі ў межах
гэтых класаў). Пасля вызначэння статусу ўдзельнікаў сітуацыі моўца ацэньвае
характар сітуацыі (у нашым выпадку від узаемаадносінаў паміж яе ўдзельнікамі).
На дадзеным этапе моўца выбірае канкрэтную ЛСГ дзеясловаў, якая аб’ядноўвае
шэраг дзеясловаў, што абазначаюць падобныя па характары сітуацыі (у нашым
выпадку – устараненне). У прынцыпе, ужо зараз моўца можа ўтварыць выказванне,
якое ў асноўных сваіх рысах будзе перадаваць змест сітуацыі: мужчына ўстараняе вішню з зямлі. Аднак,
з вялікай колькасці дзеясловаў, аб’яднаных у адной ЛСГ, моўца выбірае пераважна
той, у семнай структуры якога знаходзіцца ўказанне на удзельнікаў сітуацыі (у
тым ліку і інструмент), спосаб яе ажыццяўлення і некаторыя іншыя істотныя для
моўцы характарыстыкі. Дзеяслоў, семантыка якога адпавядае асноўным
характарыстыкам сітуацыі, становіцца прэдыкатам выказвання: мужчына выкарчоўвае вішню. З
семантычнага пункту гледжання прадметныя спецыялізаваныя семы дзеясловаў
з’яўляюцца фактычна збыткоўнымі (асноўную часцінамоўную семантыку дзеяслова
нясуць не дэнататыўныя семы), але яны маюць вялікую арганізацыйную
(сінтаксічную) значнасць, што і дазваляе прыхільнікам вербацэнтрычнай тэорыі
сказа казаць пра асаблівую ролю дзеяслова ў арганізацыі выказванняў. Вылучаныя
намі элементы апісання дазваляюць выявіць рысы грамінальных дзеясловаў,
найбольш істотныя для моўцы на кожным з этапаў параджэння выказвання.
З улікам
названых крытэрыяў апісання намі была створаная комплексная
функцыянальна-арыентаваная класіфікацыя беларускіх і славацкіх грамінальных
дзеясловаў. Прычым адначасовы ўлік матэрыялу дзвюх моў дазволіў нам надаць
класіфікацыі форму своеасаблівай
матрыцы, семантычныя “ячэйкі” якой па-рознаму запаўняюцца лексічным матэрыялам
у кожнай з прааналізаваных намі моў. Складзеная намі матрыца, дзякуючы апоры на
семантыку, мае адкрыты універсальны характар і можа выкарыстоўвацца пры аналізе
дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’ ў іншых мовах. Стварэнне комплекснай
класіфікацыі беларускіх і славацкіх грамінальных дзеясловаў дазволіла нам
выявіць іх асноўныя семантычныя класы, паказаць, якія веды чалавека пра расліны
захоўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы ў беларускай і славацкай мовах, раскрыць
некаторыя прынцыпы дзеяслоўнай намінацыі сітуацый з удзелам раслін у названых
мовах, а таксама вызначыць асаблівасці функцыянавання грамінальных дзеясловаў у
выказваннях.
Так,
дзеяслоўная семантыка можа захоўваць веды чалавека пра функцыянальны, фізічны і
фізіялагічны станы расліны, яе колеравыя прыметы і марфалагічную структуру,
фізіялагічныя дзеянні і ўласцівасці, становішча ў прасторы, характар адносінаў
са знешнімі аб’ектамі, выражаць агульную ідэю быцця расліны ў часе і прасторы,
прадстаўляць расліну як аб’ект асэнсавання
і фізічнага ўздзеяння з боку чалавека і пад.
Стварэнне
комплекснай класіфікацыі беларускіх і славацкіх грамінальных дзеясловаў мела
вялікае значэнне для іх далейшага супастаўляльнага аналізу і адказу на пытанне,
наколькі суадносяцца ўяўленні пра расліну, зафіксаваныя ў семантыцы беларускіх
і славацкіх дзеясловаў. Супастаўляльны аналіз беларускіх і славацкіх
грамінальных дзеясловаў паказаў, што грамінальныя дзеясловы ў генетычна
роднасных беларускай і славацкай мовах маюць больш падабенстваў, чым
адрозненняў. Выяўленыя разыходжанні ў семантыцы грамінальных дзеясловаў могуць
сведчыць пра пэўную спецыфіку ва ўспрыманні расліны беларускім і славацкім
народамі. У сістэме беларускіх грамінальных дзеясловаў значна лепш
адлюстраваныя знешнія, пачуццёва ўспрымальныя дынамічныя ўласцівасці расліны.
Славацкая мова не валодае такой вялікай колькасцю лексем для абазначэння
знешніх дынамічных характарыстык расліны, як беларуская, аднак, для яе ўласціва
большая ўвага да фізічных і фізіялагічных характарыстык расліны, што можа
сведчыць пра большую ступень асэнсаванасці расліны як жывога арганізма ў
славацкай мове і больш ірацыянальнае стаўленне да расліны ў беларускай мове.
Колькасць выяўленых намі адрозненняў у сінтаксічных паводзінах беларускіх і
славацкіх грамінальных дзеясловаў увогуле мінімальная.
У дадзенай
працы мы не імкнуліся зрабіць вычарпальнае апісанне сістэмы грамінальных
дзеясловаў у беларускай і славацкай мовах. Дзеясловы вузкай дэнататыўнай
аднесенасці (у тым ліку і грамінальныя) патрабуюць далейшых даследаванняў. Як
нам здаецца, распрацаваная намі методыка вывучэння грамінальных дзеясловаў
магла бы быць карыснай і пры апісанні дзеясловаў іншых дэнататыўных класаў.