ДЗЕЯСЛОВЫ З ПРАДМЕТНЫМІ СЕМАМІ ‘РАСЛІНА’ І ‘ЖЫВЁЛА’ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

 

Павел Рааго

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Як намі ўжо адзначалася, дзеясловы вузкай дэнататыўнай аднесенасці (або дзеясловы са спецыялізаванымі прадметнымі семамі) рэдка станавіліся аб’ектам навуковага даследавання. У дадзенай працы намі была зроблена спроба выпрацаваць магчымыя прынцыпы апісання і класіфікацыі такіх дзеясловаў і прымяніць гэтыя прынцыпы на практыцы падчас даследавання беларускіх дзеясловаў з прадметнымі семамі ‘расліна’ і ‘жывёла’.

Першым крокам нашага даследавання з’яўляўся збор фактычнага матэрыялу. З “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” і “Слоўніка гаворак паўночна-заходняй беларусі” метадам суцэльнай выбаркі намі былі адабраныя дзеясловы, слоўнікавыя артыкулы якіх утрымлівалі абмежавальныя фрагменты тлумачэння з указаннем на расліны або жывёлы (напр., пра расліны, дрэвы; пра зерне, пупышкі; пра жывёл, пра коней і пад.) або непасрэдна ў тлумачэнні мелі спасылкі на расліну або жывёлу (напр., зразаць траву касой або касілкай). Далейшы аналіз сабранага матэрыялу дазволіў нам дакладна акрэсліць аб’ём паняццяў “дзеясловы з прадметнай спецыялізаванай семай ‘расліна’” і “дзеясловы з прадметнай спецыялізаванай семай ‘жывёла’”. Так, у якасці дзеясловаў з прадметнай спецыялізаванай семай ‘расліна’ (грамінальных дзеясловаў) намі разглядаліся тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі раслін як жывых арганізмаў або іх частак у пазіцыях суб’екта, аб’екта і інструмента ці эксплікуюць прадметную сему ‘расліна’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы раслін або характар адносінаў, якія складваюцца паміж раслінай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. У якасці дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ (бестыяльных дзеясловаў) – тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі жывёл як жывых арганізмаў у пазіцыях суб’екта ці аб’екта або эксплікуюць прадметную сему ‘жывёла’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы жывёл або характар адносінаў, якія складваюцца паміж жывёлай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. Грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы з улікам іх семантычных і сінтаксічных асаблівасцей былі падзеленыя намі на дзве асноўныя групы: 1) уласна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы і 2) перыферыйна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы. У межах уласна-грамінальных дзеясловаў былі вылучаныя 1) грамінальныя дзеясловы цэлага і 2) грамінальныя дзеясловы часткі; у межах перыферыйна-грамінальных – 1) аб’ектна-грамінальныя дзеясловы і 2) грамінальныя дзеясловы пакрыцця. Перыферыйна-бестыяльныя дзеясловы былі падзеленыя на 1) аб’ектна-бестыяльныя дзеясловы і 2) бестыяльныя дзеясловы ўзнікнення

Адной з мэт нашай працы з’яўлялася стварэнне комплекснай функцыянальна-арыентаванай класіфікацыі беларускіх дзеясловаў з прадметнымі семамі ‘расліна’ і ‘жывёла’, якая б грунтавалася на аналізе лексіка-семантычных і семантыка-сінтагматычных уласцівасцей грамінальных і бестыяльных дзеясловаў. З улікам таго, што названыя ўласцівасці дзеясловаў можна выявіць найперш падчас аналізу іх функцыянавання ў выказваннях, намі было вырашана праводзіць класіфікацыю грамінальных і бестыяльных дзеясловаў на аснове аналізу тых сказаў, прэдыкатамі ў якіх яны могуць з’яўляцца. Пры гэтым намі былі абраныя наступныя элементы апісання, істотныя для стварэння комплекснай класіфікацыі грамінальных і бестыяльных дзеясловаў: 1) указанне базавай семантычнай мадэлі сказаў, прэдыкатамі ў якіх могуць з’яўляцца грамінальныя/ бестыяльныя дзеясловы; 2) указанне тыпавой семантыкі базавай семантычнай мадэлі або яе лексіка-семантычных варыянтаў; 3) указанне мінімальных структурных схем сказаў з грамінальнымі/ бестыяльнымі прэдыкатамі і асноўных пашыральнікаў гэтых прэдыкатаў; 4) ўказанне спалучальнасных уласцівасцей грамінальных/ бестыяльных прэдыкатаў. На наш погляд, названыя элементы апісання найбольш істотныя для моўцы ў працэсе параджэння выказвання.

Аналіз функцыянавання дзеясловаў з прадметнымі спецыялізаванымі семамі (у нашым выпадку – грамінальных і бестыяльных) схіляе нас да думкі, што працэс намінацыі сітуацый можа адбывацца наступным шляхам: моўца з дапамогай органаў пачуццяў успрымае інфармацыю пра пэўную сітуацыю рэчаіснасці (возьмем для прыкладу сітуацыю мужчына выкарчоўвае вішню). Затым атрыманая інфармацыя пачынае аналізоўвацца (аналіз атрыманай інфармацыі дазваляе вызначыць анталагічныя ўласцівасці ўдзельнікаў сітуацыі (прадметаў), а з іх улікам суаднесці пэўныя прадметы з тым ці іншым функцыянальна-адлюстравальным класам імёнаў і з канкрэтнымі лексемамі ў межах гэтых класаў). Пасля вызначэння статусу ўдзельнікаў сітуацыі моўца ацэньвае характар сітуацыі (у нашым выпадку від узаемаадносінаў паміж яе ўдзельнікамі). На дадзеным этапе моўца выбірае канкрэтную ЛСГ дзеясловаў, якая аб’ядноўвае шэраг дзеясловаў, што абазначаюць падобныя па характары сітуацыі (у нашым выпадку – устараненне). У прынцыпе, ужо зараз моўца можа ўтварыць выказванне, якое ў асноўных сваіх рысах будзе перадаваць змест сітуацыі: мужчына ўстараняе вішню з зямлі. Аднак, з вялікай колькасці дзеясловаў, аб’яднаных у адной ЛСГ, моўца выбірае пераважна той, у семнай структуры якога знаходзіцца ўказанне на удзельнікаў сітуацыі (у тым ліку і інструмент), спосаб яе ажыццяўлення і некаторыя іншыя істотныя для моўцы характарыстыкі. Дзеяслоў, семантыка якога адпавядае асноўным характарыстыкам сітуацыі, становіцца прэдыкатам выказвання: мужчына выкарчоўвае вішню. З семантычнага пункту гледжання прадметныя спецыялізаваныя семы дзеясловаў з’яўляюцца фактычна збыткоўнымі, але яны маюць вялікую арганізацыйную (сінтаксічную) значнасць, што і дазваляе казаць пра асаблівую ролю дзеяслова ў арганізацыі выказванняў. Вылучаныя намі элементы апісання дазваляюць выявіць рысы грамінальных і бестыяльных дзеясловаў, найбольш істотныя для моўцы на кожным з этапаў параджэння выказвання.

З улікам названых крытэрыяў апісання намі была створаная комплексная функцыянальна-арыентаваная класіфікацыя беларускіх грамінальных і бестыяльных дзеясловаў. Прычым нам удалося надаць класіфікацыі форму своеасаблівай матрыцы, семантычныя “ячэйкі” якой запаўняюцца лексічным матэрыялам. Складзеная намі матрыца, дзякуючы апоры на семантыку, мае адкрыты універсальны характар і можа выкарыстоўвацца пры аналізе дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’ і ‘жывёла’ ў іншых мовах. Стварэнне комплекснай класіфікацыі беларускіх грамінальных і бестыяльных дзеясловаў дазволіла нам выявіць іх асноўныя семантычныя класы, паказаць, якія веды чалавека пра расліны і жывёл захоўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы беларускай мовы, раскрыць некаторыя прынцыпы дзеяслоўнай намінацыі сітуацый з удзелам раслін і жывёл, а таксама вызначыць асаблівасці функцыянавання грамінальных і бестыяльных дзеясловаў у выказваннях.

Так, дзеяслоўная семантыка можа захоўваць веды пра функцыянальны, фізічны і фізіялагічны станы расліны, яе колеравыя прыметы і марфалагічную структуру, фізіялагічныя дзеянні і ўласцівасці, становішча ў прасторы, характар адносінаў са знешнімі аб’ектамі, выражаць агульную ідэю быцця расліны ў часе і прасторы, прадстаўляць расліну як аб’ект асэнсавання чалавека і пад. Такія элементы апісання, як указанне мінімальных структурных схем выказванняў з грамінальнымі прэдыкатамі, асноўных пашыральнікаў грамінальных прэдыкатаў і ступені іх спалучальнасных абмежаванняў, выявілі асаблівасці сінтаксічных паводзінаў уласна-грамінальных дзеясловаў, адлюстравалі адметнасці іх узаемадзеяння з іменнымі актантамі ў межах выказвання (большасць грамінальных дзеясловаў выступае ў якасці прэдыкатыўных цэнтраў выказванняў, якім адпавядаюць структурныя схемы N1Vf , Inf, не патрабуе абавязковых прэдыкатных пашыральнікаў (што лагічна для пераважна статальных непераходных дзеясловаў) і накладае родавыя або відавыя абмежаванні на спалучальнасць з імёнамі-назвамі раслін у пазіцыі суб’екта).

У сваю чаргу, семантыка ўласна-бестыяльных дзеясловаў утрымлівае звесткі пра здольнасць жывёл утвараць гукі, аказваць фізічнае ўздзеянне на іншыя аб’екты (удар, ціск, дотык, пашкоджанне, рыццё), ствараць іншыя аб’екты, узаемадзейнічаць, рухацца, ажыццяўляць фізіялагічныя і інтэлектуальныя дзеянні, знаходзіцца ў фізіялагічным і эмацыйным стане, валодаць пэўнымі сталымі ўласцівасцямі, развівацца (змяняць якасныя і колькасныя характарыстыкі), увогуле існаваць у часе і прасторы і спыняць сваё існаванне. Сінтагматычны аналіз паказаў, што большасць адабраных са слоўнікаў бестыяльных дзеясловаў спецыялізуюцца да відавых і індывідуальных назваў-актантаў (пераважна назваў свойскіх жывёл). Фактычная адсутнасць уласна-бестыяльных дзеясловаў з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць можа сведчыць пра тое, што ў якасці бестыяльных неабходна разглядаць і тыя дзеясловы, якія характарызуюць дзейнасць і станы чалавека. Менавіта дзеясловы, здольныя ўжывацца як з імёнамі-назвамі жывёл, так і з канкрэтнымі назвамі чалавека, з’яўляюцца бестыяльнымі дзеясловамі з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць. Большасць уласна-бестыяльных дзеясловаў з’яўляюцца прэдыкатыўнымі цэнтрамі двухкампанентных мадэлей сказаў (з тыпавой семантыкай ажыццяўлення фізіялагічных дзеяняў і знаходжання ў пэўным стане, змены якасных і колькасных характарыстык, валодання сталымі ўласцівасцямі, руху, гучання, супрацьдзеяння, быцця і пад), частка – трох- або чатырохкампанентных мадэлей (з тыпавой семантыкай фізічнага ўздзеяння (удару, дотыку, пашкоджання і г.д.), пакрыцця, стваральнай дзейнасці і пад.).

У дадзенай працы мы не імкнуліся зрабіць вычарпальнае апісанне сістэмы грамінальных і бестыяльных дзеясловаў у сучаснай беларускай мове. Дзеясловы вузкай дэнататыўнай аднесенасці (у тым ліку грамінальныя і бестыяльныя) патрабуюць далейшых даследаванняў. Як нам здаецца, распрацаваная намі методыка вывучэння грамінальных і бестыяльных дзеясловаў магла б быць карыснай і пры апісанні дзеясловаў іншых дэнататыўных класаў, а таксама падчас правядзення супастаўляльнага аналізу дзеясловаў з прадметнымі семамі ў розных (роднасных і няроднасных) мовах.

Сайт создан в системе uCoz