Павел РААГО

ДЗЕЯСЛОВЫ З ПРАДМЕТНЫМІ СЕМАМІ

 


Важнай функцыяй мовы з’яўляецца назапашванне ведаў пра свет[1]. Сапраўды, кожнае слова адлюстроўвае вопыт людзей, у кожным слове фіксуюцца істотныя для народа паняцці. Зразумела, што мова па-свойму імкнецца ахапіць усю разнастайнасць праяў таго асяроддзя, у якім жыве чалавек. Нягледзячы на значную універсальнасць ва ўспрыманні свету, лексічны фонд кожнай мовы унікальны, бо мова ствараецца канкрэтным калектывам людзей (народам), які пражывае на канкрэтнай тэрыторыі, і адлюстроўвае індывідуальны вопыт гэтага калектыву. Таму поруч са словамі, якія без асаблівых праблем можна перакласці на іншыя мовы, у кожнай мове ёсць і свае адметныя, толькі ёй уласцівыя лексемы.

Безумоўна, значная частка такой безэквівалентнай лексікі – гэта назвы рэалій, характэрных для ўмоў пражывання толькі аднаго народа (пэўныя прадметы побыту, сацыяльныя інстытуты і г.д.). Але ці могуць быць “нацыянальна афарбаванымі” дзеясловы? А калі могуць, то што надае ім такую афарбоўку?

У школе дзеяслоў звычайна азначаецца як часціна мовы, якая “абазначае дзеянне ці стан як працэс і выражае гэтае значэнне ў катэгорыях часу, ладу, асобы, ліку, роду, трывання, стану, пераходнасці/ непераходнасці”.[2] Аднак некаторыя дзеясловы ў сваім значэнні ўтрымліваюць інфармацыю не толькі пра адцягненае ўяўленне аб характары пэўнага дзеяння або стану, але і пра ўдзельнікаў гэтага дзеяння або носьбітаў стану. Такія дзеясловы, як быць, рухацца, гучаць і пад., валодаюць даволі абстрактнай семантыкай (перадаюць агульную ідэю існавання, руху, гучання), у выніку чаго яны могуць спалучацца з вялікай колькасцю назоўнікаў, якія абазначаюць усе існыя прадметы, апрадмечаныя з’явы і ўласцівасці, або прадметы, здольныя перамяшчацца ў прасторы ці ўтвараць гук (напр., ёсць чалавек, кветка, стол, музыка, пачуцце; рухаецца сонца, чалавек, машына, мяч і г.д.). Іншыя ж дзеясловы валодаюць больш канкрэтнай семантыкай і ўказваюць не толькі на агульны характар дзеяння, стану, працэсу, але і на пэўныя ўласцівасці ўдзельнікаў сітуацыі або падзеі. Так, дзеяслоў жыць ужо ўказвае не проста на факт існавання прадмета, а на факт існавання жывёльнага арганізма, дзеяслоў расці – на факт існавання расліны; дзеяслоў цячы абазначае не нейкі абстрактны рух, перамяшчэнне, а рух вадкасці, бегчы – спецыфічны рух некаторых жывёл, чалавека. Як бачым, семантыка дзвюх груп дзеясловаў адрозніваецца ступенню сваёй абстрактнасці/ канкрэтнасці. Узнікае пытанне, ад чаго залежыць гэта ступень.

Даследчыкі даўно звяртаюць увагу на тое, што семантыка дзеяслова вызначаецца складанасцю і неаднароднасцю. Акрамя даволі абстрактных працэсуальных сем[*], такіх як ‘станаўленне’, ‘быційнасць’, ‘дзеянне’, ‘стан’, ‘адносіны’ і пад., для значнай часткі дзеясловаў уласцівы больш канкрэтныя субстанцыянальныя семы, якія ўказваюць на ўдзельнікаў сітуацыі і на іх прыметы – функцыянальныя, колькасныя, якасныя[3]. Працэсуальныя семы перадаюць агульнае, адцягненае ўяўленне пра дзеянне або стан, у той час як субстанцыянальныя семы суадносяць дзеяслоў (а значыць, і абазначанае ім дзеянне) з імёнамі прадметаў (удзельнікамі сітуацыі). І менавіта ад ступені канкрэтнасці субстанцыяльных сем залежыць ступень канкрэтнасці самога дзеяслова, і, адпаведна, яго спалучальнасныя магчымасці[4].

Субстанцыянальныя семы могуць быць вельмі абстрактнымі, у выніку чаго дзеяслоў здольны спалучацца з усімі словамі пэўнай часціны мовы (напр., дзеясловы існаваць, змяняцца, знаходзіцца і пад. спалучаюцца з усімі назоўнікамі, бо яны абазначаюць фундаментальныя ўласцівасці ўсяго існага і таго, што мысліцца як існае). Субстанцыянальныя семы ў дзеясловаў тыпу расказваць, вянуць, есці, знасіцца, цішэць і пад. накладаюць катэгарыяльныя абмежаванні на спалучальнасць. Так першы дзеяслоў вымагае, каб у суб’ектнай пазіцыі пры ім знаходзіўся персанальны назоўнік (напр., бабуля, хлопец, сусед, дырэктар расказвае), другі патрабуе пры сабе назву расліны (напр., рамонкі, бярозкі, агуркі вянуць), трэці – адушаўлёны назоўнік (напр., жанчына, бык, кошка есць), чацвёрты – назву артэфакта, у прыватнасці, адзення (напр., кашуля, сукенка, нагавіцы знасіліся) і г.д. Як бачым, субстанцыянальныя семы ў названых дзеясловах вызначаюцца большай канкрэтнасцю, у выніку чаго гэтыя дзеясловы валодаюць параўнальна абмежаванымі спалучальнаснымі магчымасцямі. І, нарэшце, існуюць дзеясловы, здольныя спалучацца толькі з некалькімі семантычна блізкімі імёнамі або наогул з адным імем-партнёрам, што сведчыць пра максімальную ступень канкрэтызацыі субстанцыянальных сем (напр., цяліцца (пра карову, самку аленя, лася), кацяніцца (пра кошку), курлыкаць (пра жураўлёў), яхкаць (пра сабаку), стручкавацца (пра гарох, фасолю, боб і пад.), стралкавацца (пра цыбулю, радзіску, рэдзьку і пад.) і г.д.). Дзеясловы, здольныя спалучацца з абмежаванай колькасцю семантычна блізкіх імёнаў або толькі з адным імем-партнёрам, прынята называць дзеясловамі з прадметнымі семамі [5].

Фактычна, дзеясловы з прадметнымі семамі не проста абазначаюць дзеянне або стан, а называюць цэлую сітуацыю і семантычна набліжаюцца да сказаў. Напрыклад, дзеяслоў кукарэкаць нават без сінтаксічных пашыральнікаў выклікае ў свядомасці носьбіта беларускай мовы карціну “певень утварае гук “ку-ка-рэ-ку””, а дзеяслоў жарабіцца – “кабыла нараджае жарабя”. Прычым прадметныя семы могуць указваць не толькі на непасрэднага ўтваральніка дзеяння, але і на аб’ект, на які гэта дзеянне скіравана, на інструмент, з дапамогай якога яно ажыццяўляецца і г.д. Так ужо ў самім значэнні дзеяслова хамутаць закладзена інфармацыя, што нехта (асоба) апранае на каня, кабылу і пад. хамут, а дзеясловы пілаваць і рэзаць адрозніваюцца семай інструмента (у першым выпадку піла, у другім – востры прадмет). Узнікае пытанне, чаму дзеясловы тыпу кукарэкаць, жарабіцца, рысіць і пад., якія з семантычнага пункту гледжання з’яўляюцца фактычна самадастатковымі, не выкарыстоўваюцца ў якасці самастойнага прэдыкатыўнага ядра сказа (напр., *на двары кукарэкае, *у нас ажарабілася і пад.). Гэтыя выразы любым носьбітам мовы ўспрымаюцца як структурна няпоўныя, хаця іх агульны сэнс, у прынцыпе, зразумелы. Тут узнікае пэўнае супярэчанне: з аднаго боку, чалавек у працэсе пазнання новай з’явы імкнецца даць ёй максімальна ёмістае (адна)слоўнае азначэнне (што ў агульных рысах адпавядае закону эканоміі моўных сродкаў), а з іншага боку, у мове існуюць традыцыйныя базавыя мадэлі, паводле якіх будуюцца сказы і якія абапіраюцца на законы мыслення. Для беларускай мовы асноўнымі з’яўляюцца мадэлі Суб’ект – Прэдыкат і Суб’ект – Прэдыкат – Аб’ект, таму натуральнымі выглядаюць сказы на двары кукарэкае (прэд.) певень (суб.) і у нас ажарабілася (прэд.) кабыла (суб.), у якіх і суб’ект, і прэдыкат выражаны на сінтаксічным узроўні (а ў апошнім выпадку на марфемным узроўні выражаны яшчэ і аб’ект. Параўнайце: у нас ажарабілася кабылау нас кабыла (суб.) прывяла (прэд.) жарабя (аб’ект). Такім чынам, у семантычным плане дзеяслоўныя прадметныя семы ў сказе з’яўляюцца фактычна збыткоўнымі, але яны, абумоўліваючы спалучальнасныя магчымасці дзеяслова, граюць важную ролю ў сінтаксічнай арганізацыі выказвання. Прадметныя семы ўзмацняюць міжслоўную сувязь паміж дзеясловамі і іх акружэннем. Гэтыя семы можна параўнаць з выразамі і выступамі ў пазлах: адзін пазл павінен адпавядаць іншаму, іначай цэласны малюнак не атрымаецца (так выказванне *у нас ашчанілася кабыла страчвае сэнс, бо няма адпаведнасці паміж прадметнымі семамі дзеяслова і яго іменным акружэннем).

Як бачым, прадметныя семы выконваюць важную сінтаксічную функцыю. Але не менш істотную ролю яны граюць і ў парадыгматычнай арганізацыі дзеяслоўнай лексікі. Такія дзеясловы, як шчаніцца, жарабіцца, цяліцца, каціцца, кацяніцца і пад. або квакаць, кракаць, гагатаць, курлыкаць і пад. фактычна з’яўляюцца квазісінонімамі, розніца паміж якімі абумоўлена толькі розніцай у прадметных семах, бо ўласна працэсуальны элемент іх значэння супадае (у першым выпадку – ‘жывёла нараджае іншую жывёлу’, у другім – ‘жывёла ўтварае гук’), што дазваляе аб’ядноўваць іх у межах асобных лексіка-семантычных груп. Ступень канкрэтнасці прадметнай семы таксама ўплывае на ўнутраную арганізацыю лексічнай сістэмы дзеясловаў. Дзеясловы з агульным працэсуальным значэннем, але рознай ступенню канкрэтызацыі прадметнай семы звычайна знаходзяцца у гіпа-гіперанімічных (рода-відавых) адносінах. Дзеяслоў з больш абстрактнай (абагульненай) прадметнай семай выступае ў ролі гіпероніма (родавага абазначэння) у дачыненні да дзеясловаў з канкрэтызаванай прадметнай семай. Напрыклад, дзеяслоў прывесці (“нарадзіць (пра жывёл)”) з’яўляецца гіперонімам для дзеясловаў шчаніцца, жарабіцца, цяліцца, каціцца, кацяніцца і пад. менавіта дзякуючы таму, што ў яго семантыцы няма спасылак на канкрэтныя віды жывёл (напр., сука прывяла шчанят, карова прывяла цяля і г.д.). У сваю чаргу, яшчэ на больш высокай ступені ў гэтай іерархіі можна размясціць дзеяслоў нараджаць, прадметныя семы якога прадугледжваюць магчымасць яго спалучэння не толькі з назоўнікамі, што абазначаюць самак жывёл, але і  са словам жанчына або назоўнікамі, якія характарызуюць жанчын паводле іх прафесіі, узросту, сацыяльнага становішча і г.д. (напр., сланіха нарадзіла сланяня; дзяўчына нарадзіла хлопчыка; настаўніца нарадзіла дачку і пад.).

І, нарэшце, дзякуючы сваёй арыентацыі на пазамоўны свет, прадметныя семы здольны надаваць дзеясловам нацыянальную спецыфіку. Уся справа ў тым, што аналагічныя дзеянні могуць перадавацца ў мове з дапамогай больш абстрактных або канкрэтных дзеясловаў. Параўнайце: карова ацялілася і мядзведзіца нарадзіла медзведзянятаў. Узнікае пытанне, чаму ў беларускай мове ёсць асобны дзеяслоў, які абазначае працэс нараджэння каровай цяля, але няма дзеяслова, які абазначаў бы працэс нараджэння мядзведзіцай медзведзянятаў. Адказ знайсці не складана. У мове фіксуюцца толькі найбольш важныя для пэўнага народа паняцці[6] (карова спрадвеку выкарыстоўваецца ў гаспадарчай дзейнасці беларусаў, што і знайшло сваё адлюстраванне ў мове). З гэтага вынікае, што аналіз дзеясловаў з прадметнымі семамі здольны паказаць, якія рэаліі з’яўляліся (і з’яўляюцца) важнымі для народа, на што звярталася асаблівая ўвага, а што заставалася па-за яе межамі. Напрыклад, у беларускай мове для абазначэння працэсу цвіцення раслін выкарыстоўваюцца 4 дзеясловы: цвісці, квітнець, красаваць, гарэць. Калі першыя два дзеясловы не спецыялізаваны адносна назваў раслін і фактычна з’яўляюцца стылістычнымі сінонімамі, то два апошнія ўтрымліваюць больш канкрэтныя прадметныя семы. Дзеяслоў красаваць абазначае працэс цвіцення злакавых раслін, а дзеяслоў гарэць – цвіценне агуркоў, гарбузоў і пад. Спецыялізацыя гэтых дзеясловаў абумоўлена, напэўна, дзвюма асноўнымі прычынамі: 1) ступенню важнасці названых культур у сельскай гаспадарцы і 2) адметнасцю іх цвіцення (так, цвіценне злакаў знешне мала нагадвае цвіценне большасці кветкавых раслін (невыразныя кветкі), а цвіценне агуркоў і пад. наадварот вылучаецца сярод іншых агародных раслін яркім колерам кветак, падобных да аганькоў).

Як бачым, дзеясловы з прадметнымі семамі здольны шмат расказаць даследчыку пра погляды народа на навакольны свет. Так аналіз усіх дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’ можа выявіць, якія веды пра свет раслін захоўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы і якія расліны мелі асаблівую значнасць для людзей. Напрыклад, у семантыцы беларускіх дзеясловаў замацаваны веды пра тое, што расліны – гэта жывыя арганізмы, галоўнай праявай існавання якіх з’яўляецца рост (расці, вырастаць, узыходзіць, выклёўвацца і пад.), прычым у дзеяслоўнай семантыцы рост адлюстраваны рознабакова, з улікам яго канкрэтных характарыстык: безадносна да ступені інтэнсіўнасці (расці), з высокай ступенню інтэнсіўнасці (шугаць, буяць, гнаць і пад.), рост як набыццё формы (кусціцца, разрастацца, гусціцца, разгаціцца, купчасціцца, лапушыцца, бучнець і пад.), рост як набыццё становішча (рух) (цягнуцца, урастаць, слацца, развешвацца, паўзці, віцца), рост як працэс якасных пераўтварэнняў у будове расліны (прарастаць, наклёўвацца, караніцца, пускаць (карані), асцябляцца, галініцца, выкідаць (лісты, кветкі, колас і пад.), распускацца, каласіцца, стралкавацца, стаўбунець, стручкавацца, завязваць (завязі, плады) і пад.). Акрамя таго, не засталіся па-за ўвагай людзей здольнасць расліны страчваць некаторыя свае часткі (асыпаць і пад.), мець колеравую характарыстыку (зелянець, рунець і пад.) і пэўныя фізіялагічныя ўласцівасці (пладанасіць, радзіць; пачкавацца; віцца, слацца), змяняць фізічны стан (вянуць), колеравую прымету (жаўцець, блякнуць, жухнуць, палавець і пад.) і становішча ў прасторы (гнуцца, мяцца, вылягаць і пад.), знаходзіцца ў пэўным фізіялагічным стане або ажыццяўляць пэўныя фізіялагічныя дзеянні (цвісці, гарэць, квітнець, красаваць, апыляцца, сеяцца, пачкавацца, паршывець і пад.), знаходзіцца ў стане парушанай жыццядзейнасці і спыняць існаванне (чэзнуць, марнець, прападаць, чахнуць, адміраць, сохнуць, гарэць, асмягнуць, вымакнуць, вымерзнуць і пад). Нешматлікія дзеясловы сведчаць пра здольнасць (хоць і абмежаваную) раслін уздзейнічаць на іншыя аб’екты (абвіць; абсемяніць; стрыкаць; глушыць). Асобныя групы дзеясловаў з прадметнымі семамі характарызуюць дынамічныя ўласцівасці не цэлых раслін, а іх частак (напр., брыняць, наклюнуцца, распокнуцца (пра пупышкі); спець, налівацца, цяжэць, завязвацца (пра плады) і пад.), маюць семантыку пакрыцця паверхні аб’екта пэўнай расліннасцю (зарасці; замшэць, затравець, задзерванець, замуравець і пад.) і, канешне, адлюстроўваюць самыя разнастайныя шляхі ўздзеяння на расліны з боку чалавека (што абумоўлена гаспадарчай дзейнасцю людзей) або з боку іншых удзельнікаў сітуацыі (напр., чаранкаваць, пікіраваць, прарошчваць, палоць, убіраць, касіць, церабіць і пад.).

У большасці дзеясловаў прадметная сема ‘расліна’ не канкрэтызавана, у выніку чаго яны могуць спалучацца амаль з усімі назвамі раслін. Відавыя абмежаванні на спалучальнасць сустракаюцца ў дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’ радзей. Прычым пад відавымі абмежаваннямі мы разумеем здольнасць дзеясловаў спалучацца не з назвамі раслін, якія належаць да аднаго біялагічнага віду, а з назвамі раслін, аб’яднаных наяўнасцю пэўнай агульнай прыкметы. Строгая біялагічная класіфікацыя ў мове не знайшла адлюстравання. Для мовы больш істотнымі аказваюцца такія прыкметы расліны, як яе будова або спецыфічныя ўласцівасці росту: напр., мяцца, вылягаць; касіць, стаптаць і пад. (пераважна пра травы і травяністыя расліны); разгаціцца, галініцца, аблісцець; флянсаваць, чаранкаваць, падсачыць і пад. (пераважна пра кусты і дрэвы); лапушыцца, бучнець і пад. (пераважна пра ліставыя расліны); цвісці, апыляцца; апыляць (пра кветкавыя расліны); стаўбунець (клубневыя расліны, цыбуля);  гарэць (агуркі, гарбузы, кабачкі і пад.); стралкавацца (пераважна рэпа, рэдзька, радзіс); стручкавацца (пераважна бабовыя расліны); віцца, абвіваць (пераважна вітковыя расліны) і г.д., а таксама ступень пашыранасці ў сельскай гаспадарцы, адметнасці агратэхнікі, акультуранасць: красаваць,  рунець, каласіцца, вымакнуць; жаць, патравіць (пераважна злакі); акучыць, абагнаць (прапашныя культуры); церабіць, рваць (пераважна назвы тэхнічных культур: лён, каноплі, рапс, лубін і пад.); знімаць, убіраць (большасць сельскагаспадарчых раслін); выполваць (пустазелле) і г.д. Дзеясловаў з індывідуальнымі спалучальнаснымі абмежаваннямі ў гэтай групе намі фактычна не выяўлена. З пэўнай доляй умоўнасці сюды можна аднесці дзеяслоў стрыкаць (пра крапіву). Такую малую колькасць дзеясловаў з індывідуальнымі спалучальнаснымі абмежаваннямі, напэўна, можна патлумачыць нізкай ступенню індывідуалізацыі саміх раслін, невялікай колькасцю выразных адрозненняў паміж імі. Ю.С. Сцяпанаў, разважаючы пра імёны раслін, адзначаў, што “адсутнасць і нават немагчымасць індывідуалізацыі з дакладнасцю да асобіны ў гэтай групе адпавядае аб’ектыўным асаблівасцям сістэматыкі раслін”[7]. Як бачым, з усіх раслін у дзеяслоўнай семантыцы беларускай мовы знайшла сваё адлюстраванне толькі крапіва (напэўна, таму, што гэта адна з нешматлікіх для нашай мясцовасці раслін, якая здольна “актыўна” ўздзейнічаць на чалавека).

Аналагічна аналіз дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ можа расказаць нам пра некаторыя аспекты ўспрымання жывёл беларусамі, аналіз дзеясловаў з семай ‘натурфакт’ – пра погляды на прыродныя з’явы і г.д. Таму такі аналіз з’яўляецца вельмі важным. Але сам па сабе ён не дае ўяўлення пра нацыянальную спецыфіку беларускіх дзеясловаў. Нацыянальная спецыфіка раскрываецца ў параўнанні. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў. У беларускай мове (з улікам дыялектаў) існуе больш за 480 (!) дзеясловаў, якія абазначаюць працэс утварэння жывёлай пэўнага гуку, прычым прадметныя семы ў большасці гэтых дзеясловаў даволі канкрэтныя, што, верагодна, абумоўлена адносна выразнымі адрозненнямі паміж гукамі асобных відаў жывёл (пра адносны характар адрозненняў сведчыць той факт, што ў розных гаворках адзін і той жа дзеяслоў, матываваны гукаперайманнем, можа абазначаць утварэнне гуку рознымі жывёламі. Напрыклад, дзеяслоў, кракаць у адных гаворках абазначае гукавую характарыстыку качкі, а у іншых – вароны, гусі, жабы). Сярод такой вялікай колькасці дзеясловаў сустракаюцца тыя, якія складана перакласці на іншыя мовы семантычна тоеснымі дзеясловамі. Нават на фоне роднаснай славацкай мовы беларуская мова вылучаецца такімі дзеясловамі, як курлыкаць (пра жураўлёў), клекатаць (пра буслоў), кігікаць (пра кнігавак), бугаць (пра чапляў) і некаторымі іншымі, для якіх няма тоесных адпаведнікаў у славацкай мове. У сваю чаргу, у беларускай мове няма дзеясловаў, адпаведных славацкім дзеясловам čurikať (ствараць працяглы пранізлівы гук (пра дзятлаў), pinkať (пра берасцянку) ствараць гукі, якія нагадваюць гукі “пі”), podspodákať (пра перапёлку) ствараць характэрныя гукі) або híkať (ствараць гукі, падобныя гукам “іа”(пра асла). Часам аднаму дзеяслову ў пэўнай мове адпавядае адразу некалькі дзеясловаў у іншай, што абумоўлена рознай канкрэтнасцю прадметных сем. Так славацкі дзеяслоў bľačať (пра аўцу, казу, цяля) ствараць высокія пранізлівыя гукі) у залежнасці ад кантэксту можа быць перакладзены на беларускую мову дзеясловамі бляяць, бэкаць, мэкаць і некаторымі іншымі. Дадзеныя прыклады выразна ілюструюць, што прадметныя семы сапраўды надаюць дзеясловам нацыянальную спецыфіку.

Такім чынам, дзеясловы з прадметнымі семамі з’яўляюцца надзвычай цікавым класам дзеясловаў, якія ў сваёй семантыцы ўтрымліваюць не толькі адцягненае ўяўленне пра характар дзеяння або стану, але і ўказваюць на ўдзельнікаў сітуацыі або іх прыметы. Семантычна такія дзеясловы набліжаюцца да сказаў. Прычым прадметныя семы не толькі ўказваюць на пазамоўныя рэаліі, але і выконваюць важную сінтаксічную ролю – абумоўліваюць лексічную спалучальнасць дзеяслова з іменнымі словамі. Акрамя таго, ступень канкрэтнасці прадметных сем уплывае на фарміраванне гіпа-гіперанімічных (рода-відавых) адносінаў паміж дзеясловамі адной лексіка-семантычнай групы. Нарэшце, прадметныя семы могуць надаваць дзеясловам выразную нацыянальную спецыфіку, якая раскрываецца ў выніку аналізу асобных груп дзеясловаў з прадметнымі семамі.



[*] сема – мінімальная адзінка плана зместу.



[1] Міхневіч А.Я. Функцыі мовы і маўлення і праблемы беларуска-рускага двухмоўя // Арнольд Міхневіч. Выбраныя працы. Мн., 2006. С. 108.

[2] Беларуская мова: Падруч. для 10-11 кл. агульнаадукац. шк. з рус. мовай навучання / В.І. Несцяровіч і інш. Мн., 1999. С. 71.

[3] Гайсина Р.С. К семантической типологии глаголов русского языка // Семантические классы русских глаголов. Свердловск, 1982. С. 16-20.

[4] Гл.: Важнік С.А. Кантрастыўны сінтаксіс польскай і беларускай моў. Мн., 2008. С. 189-201.

[5] Михайлова О.А. К вопросу об изучении глаголов с предметными семами // Проблемы глагольной семантики. Свердловск, 1984. С. 65.

[6] Почепцов О.Г. Языковая ментальность: способ представления мира // Вопросы языкознания. М., 1990. №5. С.111.

[7] Степанов Ю.С. Имена. Предикаты. Предложения (семиологическая грамматика). М., 2004. С. 79

Сайт создан в системе uCoz