ЗМЕСТ ПАНЯЦЦЯЎ “ДЗЕЯСЛОВЫ З ПРАДМЕТНАЙ СПЕЦЫЯЛІЗАВАНАЙ СЕМАЙ ‘РАСЛІНА’” І “ДЗЕЯСЛОВЫ З ПРАДМЕТНАЙ СПЕЦЫЯЛІЗАВАНАЙ СЕМАЙ ‘ЖЫВЁЛА’”

 

Рааго П.

 
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ – МІНСК, БЕЛАРУСЬ
Abstract

This paper is aimed to define a content of notions verbs with the subject seme ‘a plant’ and verbs with the subject seme ‘an animal’ in Belarusian language, to give a brief semantic and syntactic description of this verbs and to propose their possible classification.

Keywords

verb – subject seme – referential-reflrctive class – graminal verbs – bestial verbs – membrual verbs – zoomorphism – actant

Рэзюмэ

У дадзеным артыкуле зроблена спроба дакладна вызначыць змест паняццяў “дзеясловы з прадметнай семай ‘расліна’” і “дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’”, даць кароткае апісанне семантычных і сінтаксічных уласцівасцей названых дзеясловаў і прапанаваць іх магчымую класіфікацыю.

Ключавыя словы

дзеяслоў – прадметная сема – дэнататыўна-адлюстравальны клас – грамінальныя дзеясловы – бестыяльныя дзеясловы – мембруальныя дзеясловы – зоамарфізм – актант

 

Cемны склад дзеяслова вызначаецца складанасцю і неаднароднасцю. Акрамя даволі абстрактных несубстанцыянальных сем, такіх як ‘станаўленне’, ‘быційнасць’, ‘дзеянне’, ‘стан’, ‘адносіны’ і пад., для значнай часткі дзеясловаў уласцівы больш канкрэтныя субстанцыянальныя семы, якія ўказваюць на ўдзельнікаў сітуацыі і на іх прыметы – функцыянальныя, квантатыўныя, якасныя (катэгарыяльна-семантычныя і рэферэнтныя) [2, с.18]. Наяўнасцю ў значэнні дзеяслова пэўных катэгарыяльна-семантычных або рэферэнтных сем тлумачыцца ўласцівасць некаторых дзеясловаў спалучацца толькі з імёнамі пэўных катэгарыяльна-семантычных або функцыянальна-адлюстравальных класаў. Дзеясловы, якія маюць здольнасць спалучацца толькі з вузкім колам семантычна блізкіх імёнаў або нейкім адным імем, у лінгвістычнай літаратуры прынята называць дзеясловамі вузкай дэнататыўнай аднесенасці, дзеясловамі з уключанымі актантамі або дзеясловамі са спецыялізаванымі прадметнымі семамі [1, с50; 6, с.53; 5, с.65]. Прычым дзеяслоў можа спецыялізавацца як да імя ў пазіцыі суб’екта, так і да імя ў пазіцыі аб’екта [5, с.65]. Напрыклад, такія дзеясловы, як бляяць, каласіцца, працячы, дэнататыўна арыентаваныя на сферу суб’екта і вымагаюць ужывання пры сабе імёнаў авечка, злакі (іх канкрэтныя назвы), вадкасці (іх канкрэтныя назвы) адпаведна, а дзеясловы чаранкаваць, падкоўваць і пад. маюць арыентацыю на аб’ект і спалучаюцца з назвамі раслін і імем конь у аб’ектнай пазіцыі адпаведна (у апошнім выпадку, відаць, больш карэктна казаць пра адначасовую арыентацыю дзеяслоўных прэдыкатаў на сферу аб’екта і на сферу суб’екта, бо чаранкаваць і падкоўваць можа толькі чалавек [ параўнай 7, с.185; 6, с.52]).

Дзеясловамі са спецыялізаванай прадметнай семай ‘расліна’, або грамінальнымі дзеясловамі (тэрмін уведзены Р.С. Ганжой, ад лац. gramen – расліна [4, с.38]), звычайна называюць дзеясловы, “якія спалучаюцца з назоўнікамі ў функцыі суб’екта, што абазначае расліны” і якія “прыпісваюць (прэдыцыруюць) рэферэнтна-таксанамічнаму класу імён “расліны”…ўласцівыя ім дынамічныя прыметы” [5, с.68; 1, с.175]. Такім чынам, у семантыцы грамінальных дзеясловаў зафіксаваныя веды чалавека пра анталагічныя ўласцівасці расліннай субстанцыі.

Аналагічна да дзеясловаў са спецыялізаванай прадметнай семай ‘жывёла’, або бестыяльных дзеясловаў [4, с.37], традыцыйна адносяць “дзеясловы, што маюць у значэнні сему спецыялізаванага суб’екта, які выражаецца назвай жывёлы” і якія “прыпісваюць (прэдыцыруюць) рэферэнтна-таксанамічнаму класу імён ...“жывёлы” (лац. bestia) ўласцівыя ім дынамічныя прыметы” [5, с.67; 1, с.175]. Гэта значыць, у семантыцы бестыяльных дзеясловаў зафіксаваныя веды чалавека пра анталагічныя ўласцівасці жывёл.

Аднак нам хацелася б пашырыць традыцыйны аб’ём паняццяў “грамінальныя дзеясловы” і “бестыяльныя дзеясловы”. Як адзначала А.А. Уфімцава, “намінацыя дзеяслоўнымі лексемамі адбываецца непазбежна з арыентацыяй на сферу суб’екта і / або сферу аб’екта. Таму дзеяслоў як намінатыўная адзінка мае кожны сваю анамасіялагічную формулу, якая раскрывае яго семантычную скіраванасць на адну з дзвюх указаных сфер” [7, с.139]. Традыцыйнае разуменне паняццяў “дзеясловы з прадметнай семай ‘расліна’” і “дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’” скіроўвае даследчыкаў толькі да тых дзеяслоўных прэдыкатаў, якія спалучаюцца з імёнамі-назвамі раслін або жывёл у функцыі суб’екта. Між тым, існуе шэраг дзеясловаў, такіх як саджаць, апыляць, флянсаваць; падкоўваць, даіць, запрагаць і пад., якія вымагаюць ужывання пры сабе імёнаў раслін або жывёл адпаведна, але не ў пазіцыі суб’екта, а ў пазіцыі аб’екта дзеяння, г. зн. такія дзеясловы арыентаваныя на сферу аб’екта. У семнай будове такіх дзеясловаў прысутнічае прадметная сема ‘расліна’ або ‘жывёла’, якая эксплікуецца ў абавязковай аб’ектнай пазіцыі. Семы ‘расліна’ ці ‘жывёла’ для такіх дзеясловаў не з’яўляюцца ядзернымі, а знаходзяцца бліжэй да перыферыі семнай структуры, таму гэтыя дзеясловы знаходзяцца на мяжы паміж дзеясловамі грамінальнымі або бестыяльнымі і дзеяславамі іншых дэнататыўна-адлюстравальных класаў (вызначэнне статусу такіх дзеясловаў залежыць ад таго, арыентацыю на якую з дзвюх адзначаных сфер бярэ пад увагу даследчык).

Для мовы характэрна наяўнасць і такіх дзеясловаў, як абсадзіць (што? чым?), засеяць (што? чым?), зарасці (чым?) або замшэць, затравець і пад., з агульнай семантыкай пакрыцця нечага пэўнай расліннасцю, або такіх, як счарвець, урабачэць і пад., з агульнай семантыкай узнікнення пэўных жывёл (насякомых) у межах пэўнага аб’екта. Прадметная сема ‘расліна’ і ‘жывёла’ ў такіх дзеясловах можа эксплікавацца ў пазіцыі інструмента (дакладней, сродка пакрыцця – для часткі грамінальных дзеясловаў) або на марфемным узроўні (корань у такіх дзеясловах увабірае ў сябе значэнне актанта). Наяўнасць семы ‘расліна’ або ‘жывёла’ ў значэнні такіх дзеясловаў таксама збліжае іх з дзеясловамі грамінальнымі ці бестыяльнымі.

На марфемным узроўні семы ‘расліна’ і ‘жывёла’ эксплікуюцца і ў дзеясловах, тыпу дубець або малпаваць, папугайнічаць і пад. Аднак дадзеныя дзеясловы, нягледзячы на наяўнасць у іх структуры непасрэдных спасылак на пэўныя віды раслін або жывёл, не могуць лічыцца грамінальнымі або бестыяльнымі, бо яны не абазначаюць дзеянні (або станы) з удзелам раслін ці жывёл, а толькі скіроўваюць да іх як да аб’ектаў для параўнання. Так, семантычную структуру першага з названых дзеясловаў можна ўявіць у наступным выглядзе: ‘набываць уласцівасці, як у Х (не з’яўляючыся Х-ом)’, дзе Х – назва расліны. Семантычную структуру астатніх дзеясловаў часам характарызуюць, як ‘весці сябе, нібы Х (не з’яўляючыся Х-ом)’, дзе Х – назва жывёлы. Наогул жа падобныя дзеясловы, утвораныя ад назваў жывёл, прынята называць дзеяслоўнымі зоамарфізмамі. У сваёй большасці яны характарызуюць паводзіны чалавека (за выключэннем групы дзеясловаў, накшталт цяліцца, каціцца і пад., якія абазначаюць працэс нараджэння жывой істоты, а таму разглядаюцца намі ў межах бестыяльных дзеясловаў).

Такім чынам, паняцці “дзеясловы з прадметнай семай ‘расліна’” і “ дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’” варта было б пашырыць. Як было паказана, прадметную сему ‘расліна’ або ‘жывёла’ ўтрымліваюць не толькі тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на спалучальнасць з імёнамі-назвамі раслін або жывёл у пазіцыі суб’екта і абазначаюць пэўныя анталагічныя ўласцівасці раслін ці жывёл, але і тыя, у якіх семы ‘расліна’ і ‘жывёла’ эксплікуюцца ў пазіцыі аб’екта ці інструмента або зусім не знаходзіць свайго выражэння на сінтаксічным узроўні. Зразумела, што семантычныя асаблівасці і сінтаксічныя паводзіны дзеясловаў, што належаць да кожнай з адзначаных груп, розныя, аднак наяўнасць у семнай структуры гэтых дзеясловаў прадметнай семы ‘расліна’ або ‘жывёла’ збліжае іх і дазваляе пашырыць паняцці “грамінальныя дзеясловы” і “бестыяльныя дзеясловы”. Таму нам бачыцца мэтазгодным прапанаваць уласную класіфікацыю грамінальных і бестыяльных дзеясловаў, у якой былі б аб’яднаныя ўсе дзеясловы з прадметнай семай ‘расліна’ і ‘жывёла’ і адначасова ўлічаныя асаблівасці іх функцыянавання.

У межах усіх грамінальных / бестыяльных дзеясловаў нам хацелася б вылучыць дзве асноўныя групы:

1. уласна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы;

2. перыферыйна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы.

Першым тэрмінам мы ахарактарызавалі тую сукупнасць дзеясловаў, якую традыцыйна адносяць да грамінальных / бестыяльных, г. зн. дзеясловы, “якія спалучаюцца з назоўнікамі ў функцыі суб’екта, што абазначае расліны” [5, с.68] і дзеясловы, “што маюць у значэнні сему спецыялізаванага суб’екта, які выражаецца назвай жывёлы” [5, с.67] адпаведна.

Перыферыйна-грамінальныя дзеясловы – гэта дзеясловы, у якіх прадметная сема ‘расліна’ / ‘жывёла’ займае не ядзернае месца ў структуры значэння, а знаходзіцца бліжэй да семнай перыферыі, што дазваляе разглядаць такія дзеясловы і ў межах іншых дэнататыўна-адлюстравальных класаў. У сваю чаргу, самі перыферыйна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы мэтазгодна падзяліць на дзве групы:

1. аб’ектна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы, або дзеясловы, якія спалучаюцца з імем расліны / жывёлы ў пазіцыі аб’екта (сеяць, ачкаваць; брытаць, дрэсіраваць і пад.);

2. грамінальныя дзеясловы пакрыцця, або дзеясловы, якія валодаюць агульнай семантыкай пакрыцця і спалучаюцца з імем расліны ў пазіцыі інструмента або эксплікуюць сему ‘расліна’ на марфемным узроўні (зарасці, абымшэць і пад.) / бестыяльныя дзеясловы ўзнікнення, або дзеясловы, якія валодаюць агульнай семантыкай узнікнення жывёльных арганізмаў у межах пэўнага аб’екта і эксплікуюць сему ‘жывёла’ на марфемным узроўні (счарвець, урабачэць і пад.).

Пашырэнне паняццяў “грамінальныя дзеясловы” і “бестыяльныя дзеясловы” на ўсе дзеясловы з прадметнымі семамі ‘расліна’ і ‘жывёла’ дазваляе вызначыць не толькі тое, у якой ступені і якім спосабам у мове адлюстраваныя пэўныя анталагічныя ўласцівасці раслін або жывёл, але і кола тых адносінаў, у якія яны могуць уступаць, г. зн. даць комплекснае ўяўленне, якія веды пра свет раслін і жывёл захаваныя ў дзеяслоўнай семантыцы пэўнай мовы. А гэта дазваляе выйсці на якасна новы, кагнітыўны ўзровень даследавання праблемы.

Другая праблема, з якой мы сутыкаемся, калі пачынаем акрэсліваць змест тэрмінаў “дзеясловы з прадметнай семай ‘расліна’” або “дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’”, – вызначэнне таго сэнсу, які мы ўкладваем у самі паняцці “расліна” і “жывёла”. Як слушна адзначае Ф.С. Бацэвіч, “імя на першы погляд аднаго адлюстравальнага класа можа хаваць розныя рэферэнтныя сутнасці (анамасіялагічныя статусы)” [1, с.32]. Адбываецца так таму, што ў залежнасці ад сітуацыі “любая…з сем можа актуалізавацца, выйсці на першы план, уключыцца ў рэму выказвання, у той час як іншыя семы, якія адлюстроўваюць ужо вядомыя або неістотныя для гаворачых аспекты з’яў, страчваюць камунікатыўную значнасць, адыходзяць на другі план…і могуць зусім знікнуць з семантычнай структуры слова” [3, с.371]. У залежнасці ад інтэнцыі гаворачага ў маўленні імя расліны напаўняецца рознымі сэнсамі і пачынае суадносіцца з некалькімі адлюстравальнымі класамі. Услед за Ф.С. Бацэвічам назавём такую з’яву дэнататыўнай расчлянёнасцю [1, с.130]. У такіх спалучэннях, як веяць жыта, трапаць лён, пражыць арэхі і пад., у імён жыта, лён, арэхі сема ‘расліна’ паслабляецца, “пагашаецца”, адыходзіць на перыферыю значэння, у той час як пачынае актуалізавацца сема ‘рэчыва, прадукт пераапрацоўкі’, і самі гэтыя імёны перастаюць з’яўляцца часткаю рэферэнтна-таксанамічнага класа “Расліна”. Так, напрыклад, слова жыта ў прыведзеным прыкладзе абазначае ўжо не столькі расліну з сямейства злакавых, колькі прадукт пераапрацоўкі расліннага паходжання.

Ф.С. Бацэвіч прыводзіць наступныя магчымыя варыянты дэнататыўнай расчлянёнасці рэферэнтна-таксанамічнага класа “Расліна”:

1) “жывая матэрыя”;

   А) “уласна расліна” (Дрэвы падрасталі, цвялі);

   Б) “плады раслін” (Сліва, груша і пад. саспелі);

2) “цела-прастора” (Дрэва ляжала ў яры);

3) “цела-рэчыва” (Дрэва гніе);

4) “участак зямной паверхні”, г. зн. “цела-прастора” (Аўсы, пшаніцы і г.д. займалі вялікія плошчы) [1, с.131].

Нашы ўласныя назіранні паказваюць, што імя расліны часта выступае ў якасці абазначэння прадуктаў харчавання або прадуктаў (пера)апрацоўкі, што ў нейкай ступені можна разглядаць як канкрэтныя варыянты ўвасаблення паняцця “цела-рэчыва”.

Пад дзеясловамі з прадметнай семай ‘расліна’ намі разумеюцца толькі такія дзеясловы, якія спалучаюцца з імёнамі раслін у значэнні “жывая матэрыя”, бо менавіта такое значэнне найбольш адпавядае самому паняццю расліна: “Расліна – арганізм, які жывіцца неарганічнымі рэчывамі паветра і глебы і здольны ствараць з іх арганічныя, звычайна прымацаваны да месца свайго пражывання, прадстаўляе адну з форм жыцця на Зямлі і складае разам з жывёльнымі арганізмамі жывую прыроду” [8]. Такім чынам, тыя дзеясловы, якія спалучаюцца з імёнамі раслін у значэнні, што не адпавядае паняццю “жывая матэрыя”, не разглядаюцца намі ў якасці грамінальных.

Для рэферэнтна-таксанамічнага класа “Жывёлы” з’ява дэнататыўнай расчлянёнасці менш характэрная. Так, у межах разумення жывёлы як жывой матэрыі няма апазіцыі “ўласна жывёла” / “плод жывёлы”, бо плод (дзіця) жывёлы па сваіх асноўных марфалагічных характарыстыках, як правіла, фактычна не адрозніваецца ад дарослай жывёлы і валодае яе асноўнымі прыметамі (г.зн. сам з’яўляецца самастойнай жывёлай, а не яе часткай, як плод расліны). Часам назва жывёлы выступае ў якасці абазначэння “цела-прасторы” (напр., карова ляжыць у цяньку), але нават у такіх выпадках імя-назва жывёлы не страчвае сувязь з паняццем жывой матэрыі. У якасці абазначэння “цела-рэчыва” імя жывёлы выступае ў выразах, накшталт конь ужо расклаўся, а ў якасці артэфакта (прадукта пераапрацоўкі) – у такіх выразах, як норка, вавёрка ішлі на футра. Для абазначэння прадуктаў харчавання жывёльнага паходжання часта выкарыстоўваюцца спалучэнні са словам мяса (напр., качынае мяса) або асобныя словы (накшталт ялавічына, свініна і пад.), што дазваляе пазбегнуць двухсэнсоўнасці, хаця ў мове дапушчальныя і выразы, тыпу запякаць парсюка, смажыць рыбу і пад., калі гутарка ідзе пра факт прыгатавання (апрацоўкі) ўсёй жывёлы цалкам з прычыны яе невялікіх памераў.

З улікам таго, што ў канкрэтным выказванні імя расліны можа мець сваім дэнататам цэлую расліну або яе пэўную частку, уласна-грамінальныя дзеясловы падзяляюцца намі на 1) ўласна-грамінальныя дзеясловы цэлага і 2) уласна-грамінальныя дзеясловы часткі, хаця гэты падзел з’яўляецца даволі ўмоўным, бо, як будзе паказана далей, з семантычнага боку і з боку сінтаксічных паводзін дзеясловы гэтых груп фактычна не адрозніваюцца. Гэта можна патлумачыць тым, што згодна з агульным семіятычным законам pars pro toto імя часткі можа ўвабіраць у сябе тыя ж семантычныя кампаненты, якія ўваходзяць у семантыку цэлага (на чым нярэдка асноўваецца такая з’ява, як сінекдаха) [3, с.377]. Уласна-грамінальнымі дзеясловамі часткі мы лічым тыя дзеясловы, якія звычайна спалучаюцца з імёнамі-назвамі часткі расліны і амаль не ўжываюцца ў спалучэннях з іменамі-назвамі цэлай расліны (напр, брыняць, спець, налівацца і пад.).

Частка цела жывёлы таксама можа выступаць у якасці суб’екта дзеяння (напр., вочы слязяцца, сліпаюцца; зубы праразаюцца і пад.), але ў дадзеным выпадку мяжа паміж дзеясловамі, якія абазначаюць дзеянне або стан цэлага арганізма, і дзеясловамі, якія абазначаюць дзеянне або стан яго часткі, больш выразная, што дазваляе даследчыкам разглядаць апошнія дзеясловы ў якасці самастойнага класа (т.зв. мембруальныя дзеясловы, ад лац. membrum – “цела, частка цела”) [4, с.38; 5, с.68].

У штодзённым маўленні паняцце “жывёлы” звычайна супрацьпастаўляецца такім паняццям, як “птушкі”, “рыбы”, “насякомыя” і пад. Аднак у строгім біялагічным разуменні такое супрацьпастаўленне з’яўляецца памылковым, бо з пункту гледжання біялагічнай сістэматыкі і птушкі, і рыбы, і насякомыя – гэта ўсё прадстаўнікі менавіта царства “Жывёлы”. Калі абагульніць асноўныя слоўнікавыя дэфініцыі, то можна прыйсці да высновы, што пад жывёлай варта разумець любы жывы арганізм, які 1) здольны самастойна рухацца, 2) валодае адчувальнасцю, 3) харчуецца гатовымі арганічнымі злучэннямі. Менавіта ў такім найбольш шырокім сэнсе паняцце жывёла выкарыстоўваецца ў дадзеным артыкуле.

Такім чынам, у якасці дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’ (грамінальных дзеясловаў) намі разглядаюцца тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі раслін як жывых арганізмаў або іх частак у пазіцыях суб’екта, аб’екта і інструмента ці эксплікуюць прадметную сему ‘расліна’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы раслін або характар адносінаў, якія складваюцца паміж раслінай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. У якасці дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ (бестыяльных дзеясловаў) намі прымаюцца тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі жывёл як жывых арганізмаў у пазіцыях суб’екта ці аб’екта або эксплікуюць прадметную сему ‘жывёла’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы жывёл або характар адносінаў, якія складваюцца паміж жывёлай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. Грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы з улікам іх семантычных і сінтаксічных асаблівасцей падзяляюцца намі на дзве асноўныя групы: 1) уласна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы і 2) перыферыйна-грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы. У межах уласна-грамінальных дзеясловаў вылучаюцца 1) грамінальныя дзеясловы цэлага і 2) грамінальныя дзеясловы часткі; у межах перыферыйна-грамінальных – 1) аб’ектна-грамінальныя дзеясловы і 2) грамінальныя дзеясловы пакрыцця. Перыферыйна-бестыяльныя дзеясловы падзяляюцца на 1) аб’ектна-бестыяльныя дзеясловы і 2) бестыяльныя дзеясловы ўзнікнення.

Літаратура

1.       Бацевич, Ф.С. Функционально-ономасиологическое исследование глагольной лексики // Бацевич Ф.С., Космеда Т.А. Очерки по функциональной лексикологии.– Львов, 1997.

2.       Гайсина, Р.С. К семантической типологии глаголов русского языка / Гайсина Р.С. // Семантические классы русских глаголов.– Свердловск, 1982.– С. 15–21.

3.       Гак, В.Г. К проблеме семантической синтагматики / В.Г. Гак // Проблемы структурной лингвистики.– М., 1972.– С. 367–395.

4.       Ганжа, Р.С. Изучение глагольной семантики / Р.С. Ганжа // Русский язык в школе.– М., 1970.–№4.– С. 33–39.

5.       Михайлова, О.А. К вопросу об изучении глаголов с предметными семами/ О.А. Михайлова // Проблемы глагольной семантики: Сборник научных трудов.– Свердловск, 1984.– С. 64–71.

6.       Русская глагольная лексика: пересекаемость парадигм: памяти Э.В.Кузнецовой / под общ. ред. Л.Г. Бабенко.– Екатеринбург, 1997.

7.       Уфимцева, А.А Лексическое значение: Принцип семиологического описания лексики / А.А. Уфимцева.– М., 2002.

8.       ABBYY Lingvo 11: Шесть языков: Электронный словарь.– 2005.

 

Сайт создан в системе uCoz