АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ КОМПЛЕКСНАЙ КЛАСІФІКАЦЫІ ДЗЕЯСЛОВАЎ З ПРАДМЕТНЫМІ СЕМАМІ ‘РАСЛІНА’ І ‘ЖЫВЁЛА’

 

Рааго П.

 
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ – МІНСК, БЕЛАРУСЬ
Abstract

In this paper we pay some attention to existing classifications of verbs with subject semes ‘a plant’ and ‘an animal’ and propose basic theoretical principles sufficient for constructing of integrated semantic-syntagmatic classification of verbs with subject semes.

Keywords

verb – subject seme – graminal verbs – bestial verbs – semantic classificationsyntactic behaviorsemantic pattern of a sentence – typical semantics – minimal structural pattern

Рэзюмэ

У артыкуле робіцца агляд існуючых класіфікацый дзеясловаў з прадметнымі семамі ‘расліна’ і ‘жывёла’ і прапаноўваюцца асноўныя тэарэтычныя прынцыпы, дастатковыя для стварэння комплекснай семантыка-сінтагматычнай класіфікацыі дзеясловаў з прадметнымі семамі.

Ключавыя словы

дзеяслоў – прадметная сема – грамінальныя дзеясловы – бестыяльныя дзеясловы – семантычная класіфікацыя – сінтаксічныя паводзіны – семантычная мадэль сказа – тыпавая семантыка – мінімальная структурная схема

 

Як адзначаецца ў лінгвістычнай літаратуры, “веды чалавека пра свет фіксуюцца менавіта ў моўнай форме, яны не што іншае, як семантычная сістэма мовы” [5, с.12]. А таму, калі мы хочам высветліць, якія ўяўленні пра расліны і жывёл зафіксаваныя ў семантыцы дзеясловаў у беларускай мове, для нас вельмі важным з’яўляецца пытанне правядзення лексіка-семантычнага і семантыка-сінтагматычнага апісання грамінальных і бестыяльных дзеясловаў, стварэння іх комплекснай класіфікацыі.

Разгорнутых семантычных апісанняў дзеясловаў вузкай дэнататыўнай аднесенасці нам сустракаць не даводзілася. Аднак спробы нейкім чынам сістэматызаваць дзеясловы, якія належаць да аднаго рэферэнтна-адлюстравальнага класа (у тым ліку грамінальныя і бестыяльныя), рабіліся. У прыватнасці, Ф.С. Бацэвіч, аналізуючы камунікатыўную ролю грамінальных дзеясловаў (у нашай тэрміналогіі “ўласна-грамінальных”), вылучыў шэсць асноўных камунікатыўных тыпаў дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’:

1) дзеясловы, якія абазначаюць зараджэнне, з’яўленне на свет раслін, новых атожылкаў, пладоў;

2) дзеясловы, якія абазначаюць спосаб росту, размяшчэнне ў прасторы раслін і іх частак;

3) дзеясловы, якія абазначаюць цвіценне раслін, іх афарбоўку;

4) дзеясловы, якія абазначаюць дасягненне раслінамі спеласці, пладанашэння, з’яўлення “патомства”;

5) дзеясловы, якія абазначаюць канец росту, пераход да небыцця раслін, іх частак і пладоў;

6) дзеясловы, якія абазначаюць уздзеянне раслін і іх частак на чалавека, жывёл, навакольнае ў цэлым [1, с.176].

У дачыненні да бестыяльных (“уласна-бестыяльных”) дзеясловаў даследчык адрознівае восем асноўных камунікатыўных тыпаў:

1) дзеясловы, якія абазначаюць з’яўленне на свет, спосабы нараджэння дзіцянят і размнажэння жывёл;

2) дзеясловы, якія абазначаюць жыццё жывёл у цэлым, раёны іх распаўсюджання, пражывання;

3) дзеясловы, якія абазначаюць спецыфічныя рухі, характэрныя для таго або іншага віду жывёл;

4) дзеясловы, якія абазначаюць спецыфічныя дзеянні і лад жыцця жывёл;

5) дзеясловы, якія абазначаюць спосабы првёму ежы жывёламі і некаторыя іншыя фізіялагічныя дзеянні;

6) дзеясловы, якія абазначаюць гукі, што ўтвараюцца жывёламі;

7) дзеясловы, якія абазначаюць спецыфічныя станы жывёл;

8) дзеясловы, якія абазначаюць смерць, пераход да небыцця [1, с.178-180].

Аднак вылучаныя даследчыкам тыпы толькі ўмоўна сістэматызуюць матэрыял, “акрэсліваюць” найбольш тыповую семантыку грамінальных і бестыяльных дзеясловаў. Прычым у кожны з названых тыпаў даследчыкам былі ўключаныя даволі розныя па сваёй семантыцы і па сінтаксічных паводзінах грамінальныя ці бестыяльныя дзеясловы. Так, напрыклад, у адзін камунікатыўны тып трапілі дзеясловы всходить і опыляться, ветвиться і увивать, цвести і жухнуть, порхать і есть, гнездиться і кусаться і г.д.

З іншых пазіцый да апісання грамінальных і бестыяльных дзеясловаў (сферы фітадынамікі і зоадынамікі як часткі “дэнататыўнай прасторы” рускага дзеяслова) падыходзілі аўтары працы “Русская глагольная лексика: денотативное пространство”. Імі былі ўказаныя асноўныя лексіка-семантычныя групы дзеясловаў, да якіх належыць большасць грамінальных (напр., дзеясловы разбурэння, дзеясловы злучэння, дзеясловы станаўлення фізічнай якасці і інш.) і бестыяльных (напр., дзеясловы фізічнага ўздзеяння на аб’ект, дзеясловы гучання, дзеясловы фізіялагічнага стану і інш.) дзеясловаў [7, с.76-77]. На жаль, канкрэтнага размеркавання рускіх грамінальных і бестыяльных дзеясловаў па лексіка-семантычных групах аўтарамі праведзена не было.

Як бачым, у аснову кожнай з названых намі класіфікацый быў пакладзены толькі адзін пэўны крытэрый (камунікатыўная роля/ катэгарыяльна-лексічная семантыка). Аднак нам падаецца мэтазгодным праводзіць апісанне грамінальных і бестыяльных дзеясловаў з улікам абодвух гэтых крытэрыяў. Больш за тое, вычарпальную класіфікацыю грамінальных і бестыяльных дзеясловаў можна стварыць толькі ў тым выпадку, калі выкарыстоўваць сістэмна-інтэгральны падыход апісання, які “сумяшчае ў сабе прынцыпы структурнай і антрапацэнтрычнай лінгвістыкі” [6, с.16]. Пад антрапацэнтрызмам, арыентацыяй на моўцу, у нашым выпадку варта разумець анамасіялагічную і, адпаведна, функцыянальную скіраванасць даследавання, бо “анамасіялагічны падыход прымае значэнне або функцыю за свой адпраўны пункт аналізу і спрабуе выявіць, якімі сродкамі яно выражана. Гэта і ёсць пункт гледжання гаворачага або пішучага, які вымушаны шукаць моўныя формы для выражэння сваёй думкі” [1, с.23]. Прычым, калі разглядаць дзеясловы з прадметнымі семамі ‘расліна’ і ‘жывёла’ з пункту гледжання іх функцыянавання, то бачыцца мэтазгодным апісваць іх не як ізаляваныя лексічныя падсістэмы, а як прэдыкаты адпаведных выказванняў, бо менавіта ў выказваннях выяўляюцца камунікатыўныя функцыі грамінальных і бестыяльных дзеясловаў, тыя ці іншыя адценні значэнняў. У сваю чаргу, адзначаецца, што ўзаемадзеянне паміж лексікай і граматыкай (а выказванне – гэта ўжо прадмет даследавання менавіта граматыкі) ажыццяўляецца галоўным чынам на ўзроўні семантычных мадэляў сказаў. Пад семантычнай мадэллю разумеецца “гарызантальна разгорнутая структура тыпавога зместу сказа, якая складаецца з кампанентаў, звязаных тыпавымі адносінамі. Гэтыя кампаненты таксама іерархічна арганізаваныя: вяршыня – прэдыкат, часцей за ўсе дзеяслоўны прэдыкат, а ўдакладняюць яго актанты” [8, 13]. У аснове вылучэння асобных семантычных мадэляў сказаў ляжыць ідэя суаднесенасці семнай структуры дзеяслова з семантычнай структурай сказа і структурай экстралінгвістычнай сітуацыі. З улікам усяго адзначанага семантычную класіфікацыю грамінальных і бестыяльных дзеясловаў, на нашу думку, мэтазгодна праводзіць на падставе вылучэння асноўных семантычных мадэляў сказаў, “вяршыняю” якіх з’яўляецца той ці іншы грамінальны / бестыяльны дзеяслоў-прэдыкат. Разгляд грамінальных і бестыяльных дзеясловаў “у кантэксце” выказвання дазваляе максімальна раскрыць саму іх сутнасць, выявіць адметнасці іх функцыянавання і тыя веды чалавека пра расліну і жывёлу, якія адлюстроўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы. Такім чынам, магчымы шлях аналізу грамінальных і бестыяльных дзеясловаў можна прадставіць у наступным выглядзе: сема (у нашым выпадку прадметная сема ‘расліна’ або ‘жывёла’) – лексема (г.зн. выяўленне лексем, якія ўтрымліваюць названую сему, анамасіялагічны падыход) – значэнне (семасіялагічны аналіз выяўленых лексем з мэтай удакладнення адценняў значэння) – выказванне (вызначэнне мінімальных сінтаксічных структур з прэдыкатам грамінальным або бестыяльным дзеясловам і ўказанне асноўных пашыральнікаў прэдыката). У нейкай ступені мы выходзім за межы чыстага лексіка-семантычнага аналізу грамінальных і бестыяльных дзеясловаў і пераходзім да аналізу іх сінтаксічных паводзін, аднак, як адзначаў В.Г. Гак, “у натуральных мовах сінтаксіс семантычны, г. зн. яго катэгорыі і элементы суадносяцца пэўным чынам са знешнімі аб’ектамі, а семантыка – сінтаксічна, г зн. адлюстроўвае адносіны паміж сімваламі-абазначэннямі” [3, с.367]. Таму даследаванне семантыкі грамінальных і бестыяльных дзеясловаў у непарыўнай сувязі з іх сінтаксічнымі паводзінамі бачыцца нам абсалютна лагічным і задавальняючым патрэбам функцыянальнага падыходу. Акрамя таго, вызначэнне мінімальных сінтаксічных структур з прэдыкатам-грамінальным / бестыяльным дзеясловам і ўказанне асноўных пашыральнікаў прэдыката прадставяць элементы структурнай лінгвістыкі, неабходныя для аналізу з пазіцый сістэмна-інтэгральнага падыходу, які аб’ядноўвае функцыянальнае, арыентаванае на моўцу, і “ўнутрымоўнае”, арыентаванае на саму моўную сістэму.

Калі рэалізоўваць узгаданыя намі ідэі на практыцы, то комплекснае апісанне грамінальных / бестыяльных дзеясловаў павінна ўключаць наступныя элементы:

1) указанне базавай семантычнай мадэлі сказаў, прэдыкатамі ў якіх могуць з’яўляцца грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы. Прычым базавая семантычная мадэль павінна адлюстроўваць асноўных удзельнікаў сітуацыі (суб’ект, аб’ект, у выпадку неабходнасці сродак, інструмент і пад.) і характар узаемаадносінаў паміж імі, выражаны ў лексіка-семантычных катэгорыях прэдыката (г. зн. неабходна указаць характар прэдыката ў адпаведнасці з яго лексіка-семантычнымі катэгорыямі). Пры апісанні грамінальных / бестыяльных дзеясловаў найбольш істотным з’яўляецца менавіта вызначэнне лексіка-семантычных катэгорый прэдыката (або суаднясенне грамінальнага / бестыяльнага дзеяслова з пэўнай лексіка-семантычнай групай дзеясловаў, вызначэнне ў найбольш агульных і абстрагаваных рысах характару сітуацыі, якую адлюстроўвае дзеяслоў), бо характарыстыкі суб’екта (у выпадку ўласна-грамінальных / бестыяльных дзеясловаў) і аб’екта (у выпадку аб’ектна-грамінальных / бестыяльных дзеясловаў) намі загадзя зададзеныя (расліна / жывёла). Вызначэнне, да якой ЛСГ дзеясловаў належыць той ці іншы грамінальны / бестыяльны дзеяслоў, дазваляе ўбачыць у межах усёй сістэмы грамінальных / бестыяльных дзеясловаў пэўныя больш дробныя лексіка-семантычныя групы, прадстаўнікі якіх валодаюць падобнымі ўласцівасцямі, а гэта, у сваю чаргу, даволі істотна для далейшага апісання сінтаксічных паводзін грамінальных / бестыяльных дзеясловаў, бо “залежнасць правілаў пабудовы сінтаксічных канструкцый ад лексіка-семантычных характарыстык іх кампанентаў стала відавочнай і ўжо не патрабуе доказаў, але сістэматызацыі матэрыялу” [4, с.4];

2) указанне тыпавой семантыкі базавай семантычнай мадэлі або яе лексіка-семантычных варыянтаў. Тыпавая семантыка апісвае, канкрэтызуе базавую семантычную мадэль, а таксама служыць для вылучэння лексіка-семантычных варыянтаў базавай семантычнай мадэлі, якія аб’ядноўваюць найбольш блізкія ў семантычным плане дзеяслоўныя прэдыкаты. Лексіка-семантычныя варыянты базавай семантычнай мадэлі бачыцца мэтазгодным вылучаць тады, калі пры адзінстве ці блізкасці лексіка-семантычных катэгорый пэўных грамінальных / бестыяльных прэдыкатаў тыпавая семантыка выказванняў з удзелам часткі гэтых прэдыкатаў мае спецыфічныя рысы ў параўнанні з тыпавой семантыкай другой часткі (напр., ускладняецца ўказаннем спосабу дзеяння, мэты, інструмента і г.д.), або ў тых выпадках, калі грамінальныя / бестыяльныя прэдыкаты сумяшчаюць у сваім значэнні лексіка-семантычныя катэгорыі, характэрныя для розных ЛСГ дзеясловаў, што ўласціва для поліпрапазіцыйных дзеясловаў, якімі ў большасці сваёй і з’яўляюцца грамінальныя і ў крыху меншай ступені бестыяльныя дзеясловы (поліпрапазіцыйныя дзеясловы – “дзеясловы з уключанай і сумешчанай прапазіцыяй, якія максімальна разгорнута выражаюць нашы ўяўленні пра рэгулярныя сувязі сітуацый, маркіруюць разнастайныя аспекты працякання падзей” [7, с.33]). Указанне тыпавой семантыкі – адзін з найбольш камунікатыўна-арыентаваных элементаў нашага апісання, бо менавіта ў тыпавой семантыцы намі адлюстроўваюцца, “узнімаюцца на паверхню” веды чалавека пра расліну і жывёлу, зафіксаваныя ў семантыцы грамінальных і бестыяльных дзеясловаў (утвараецца своеасаблівая камунікацыйная мадэль).

3) указанне мінімальных структурных схем сказаў з грамінальнымі / бестыяльнымі прэдыкатамі і асноўных пашыральнікаў гэтых прэдыкатаў. Услед за аўтарамі слоўніка “Русские глагольные предложения: Экспериментальный синтаксический словарь” падаецца мэтазгодным выкарыстоўваць пры апісанні выказванняў з удзелам грамінальных / бестыяльных дзеясловаў чатыры мінімальныя структурныя схемы: N1Vf, Vpl3, Vs3/n, Inf, дзе схема N1Vf абазначае 1) двусастаўныя сказы з намінатыўным дзейнікам і дзеяслоўным выказнікам (Лес шуміць; Я чытаю кнігу), 2) аднасастаўныя пэўна-асабовыя сказы (Люблю блукаць па палях), 3) аднасастаўныя абагульнена-асабовыя сказы (Без працы не будзеш багаты), схема Vpl3 – аднасастаўныя няпэўна-асабовыя сказы (У нашым горадзе будуюць метро; Мітынг забаранілі), схема Vs3/n – аднасастаўныя безасабовыя сказы (На вуліцы халадае; Яму нездаровіцца), схема Inf – аднасастаўныя інфінітыўныя сказы розных фармальных і семантычных тыпаў: з часціцай не (Яго не пераканаць); з часціцай бы (Убачыць бы яго; Табе б адпачыць троху); са значэннем неабходнасці, прадвызначанасці сітуацыі (Заўтра мне ехаць у Браціславу), у тым ліку з часціцай яшчэ (Яму ўвечары яшчэ выступаць; Ім яшчэ вучыцца і вучыцца); са значэннем загаду (Усім устаць); у форме пытання (Калі яму патэлефанаваць? Дзе іх змясціць?) [8, с.35]. Абавязковыя пашыральнікі прэдыката абазначаюцца намі літарай N ( назоўнік ) з нумарам склону. Неабавязковыя, але даволі частыя ў выказванні пашыральнікі прэдыката бяруцца намі ў дужкі (напр., (N4) і пад. ).

Аднак з улікам таго, што аб’ектам нашага даследавання з’яўляюцца дзеясловы вузкай дэнататыўнай аднесенасці, лічым неабходным для стварэння сапраўды комплекснай класіфікацыі пашырыць апісанне грамінальных / бестыяльных дзеясловаў за кошт указання іх семантыка-сінтаксічных (сінтагматычных, спалучальнасных) уласцівасцей. Як адзначаецца ў літаратуры, “склад дзеясловаў з прадметнымі спецыялізаванымі семамі таксама нельга лічыць аднародным. У сувязі з гэтым іх спалучальнасць можа быць ахарактарызавана як больш шырокая або больш вузкая ў залежнасці ад якасці субстанцыянальных сем – ад ступені іх спецыялізацыі” [2, с.111]. У залежнасці ад ступені спецыялізацыі вылучаюць наступныя тыпы дзеясловаў вузкай дэнататыўнай аднесенасці: 1) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да родавых назваў-актантаў (завянуць, засохнуць – для ўсіх раслін), 2) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да відавых назваў-актантаў (гнездавацца – для некаторых відаў птушак), 3) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да індывідуальных назваў-актантаў (буркатаць – голуб, рохкаць – свіння). Вызначыць спалучальнасныя ўласцівасці кожнага канкрэтнага грамінальнага дзеяслова – значыць устанавіць ступень яго спецыялізацыі, адказаць, ці здольны ён спалучаца з усімі назвамі раслін / жывёл або толькі з пэўным абмежаваным іх колам. Такім чынам, чацвёртым элементам нашага апісання грамінальных / бестыяльных дзеясловаў нам здаецца мэтазгодным зрабіць указанне іх спалучальнасных здольнасцей і пры магчымасці назваць кола лексем, з якімі спалучаецца той ці іншы грамінальны / бестыяльны дзеяслоў.

З адзначанага вышэй вынікае, што комплексная класіфікацыя грамінальных / бестыяльных дзеясловаў павінна ўключаць чатыры асноўныя элементы: 1) указанне базавай семантычнай мадэлі сказаў, прэдыкатамі ў якіх могуць з’яўляцца грамінальныя / бестыяльныя дзеясловы; 2) указанне тыпавой семантыкі базавай семантычнай мадэлі або яе лексіка-семантычных варыянтаў; 3) указанне мінімальных структурных схем сказаў з грамінальнымі / бестыяльнымі прэдыкатамі і асноўных пашыральнікаў гэтых прэдыкатаў; 4) ўказанне сінтагматычных, спалучальнасных уласцівасцей грамінальных / бестыяльных прэдыкатаў. Толькі такое комплекснае апісанне здольна выявіць асаблівасці семантыкі грамінальных і бестыяльных дзеясловаў і паказаць іх сінтаксічныя паводзіны, а значыць, вызначыць тыя рысы гэтых дзеясловаў, якія з’яўляюцца найбольш істотнымі для моўцы ў працэсе параджэння выказвання. Акрамя таго, такое дэталёвае апісанне грамінальных / бестыяльных дзеясловаў стварае надзейную аснову для магчымага далейшага параўнання іх функцыянавання ў беларускай і іншых мовах.

Літаратура

1.       Бацевич, Ф.С. Функционально-ономасиологическое исследование глагольной лексики // Бацевич Ф.С., Космеда Т.А. Очерки по функциональной лексикологии.– Львов, 1997.

2.       Важнік, С.А. Да праблемы стварэння комплекснай сінтагматычнай класіфікацыі беларускіх і польскіх дзеяслоўных прэдыкатаў / Сяргей Важнік // Паланістыка – Полонистика – Polonistyka, 2001: Маладая паланістыка.– Мінск, 2002.– С. 105–127.

3.       Гак, В.Г. К проблеме семантической синтагматики / В.Г. Гак // Проблемы структурной лингвистики.– М., 1972.– С. 367–395.

4.       Золотова, Г.А. Коммуникативные аспекты русского синтаксиса / Г.А.Золотова.– М., 1982.

5.       Касевич, В.В. Язык и знание / В.В. Касевич // Язык и структура знания.– М., 1990.

6.       Михайлова, О.А. Ограничения в лексической семантике русского слова: автореферат дис. … д-ра филологических наук: 24.09.1998 / О.А Михайлова; Уральский ордена Трудового Красного Знамени государственный университет им. А.М. Горького.– Екатеринбург, 1998.

7.       Русская глагольная лексика: денотативное пространство: Монография / под общ. ред. Л.Г. Бабенко.– Екатеринбург, 1999.

8.       Русские глагольные предложения: Экспериментальный синтаксический словарь / под общ. ред. Л.Г. Бабенко.– М., 2002.

 

Сайт создан в системе uCoz