УДК 811.161.3’37

 

П. А. РААГО

ДЗЕЯСЛОВЫ З ПРАДМЕТНАЙ СЕМАЙ ‘ЖЫВЁЛА’ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

 

Як вядома, семны склад дзеяслова вызначаецца складанасцю і неаднароднасцю. Акрамя даволі абстрактных несубстанцыянальных сем, такіх як ‘станаўленне’, ‘быційнасць’, ‘дзеянне’, ‘стан’, ‘адносіны’ і пад., для значнай часткі дзеясловаў уласцівы больш канкрэтныя субстанцыянальныя семы, якія ўказваюць на ўдзельнікаў сітуацыі і на іх прыметы – функцыянальныя, квантатыўныя, якасныя (катэгарыяльна-семантычныя і рэферэнтныя) [1]. Наяўнасцю ў значэнні дзеяслова пэўных катэгарыяльна-семантычных або рэферэнтных сем тлумачыцца ўласцівасць некаторых дзеясловаў спалучацца толькі з імёнамі пэўных катэгарыяльна-семантычных або функцыянальна-адлюстравальных класаў. Дзеясловы, якія маюць здольнасць спалучацца толькі з вузкім колам семантычна блізкіх імёнаў або нейкім адным імем, у лінгвістычнай літаратуры прынята называць дзеясловамі вузкай дэнататыўнай аднесенасці, дзеясловамі з уключанымі актантамі або дзеясловамі са спецыялізаванымі прадметнымі семамі [2 – 4]. Найбольш частай з’яўляецца спецыялізацыя дзеясловаў да імя ў пазіцыі суб’екта або ў пазіцыі аб’екта [5]. Напрыклад, такія дзеясловы, як бляяць, каласіцца, разліцца, дэнататыўна арыентаваныя на сферу суб’екта і вымагаюць ужывання пры сабе адпаведна імёнаў авечка (ягня, баран), збожжа (жыта, пшаніца, ячмень і пад.), вадкасць (вада, малако, фарба і пад.), а дзеясловы чаранкаваць, падкоўваць і пад. маюць арыентацыю на аб’ект і спалучаюцца адпаведна з назвамі некаторых (пераважна садовых) раслін і імем конь (кабыла, жарабя і пад.) у аб’ектнай пазіцыі (у апошнім выпадку, відаць, больш карэктна казаць пра адначасовую арыентацыю дзеяслоўных прэдыкатаў на сферу аб’екта і на сферу суб’екта, бо чаранкаваць і падкоўваць можа толькі чалавек [6, 7]).

Склад дзеясловаў са спецыялізаванай прадметнай семай ‘жывёла’ даволі неаднародны. У адрозненне ад канкрэтных лексіка-семантычных груп дзеясловаў, якія маюць пэўную тыпавую семантыку і характарызуюцца наяўнасцю даволі выразных сувязей паміж элементамі (гіпа-гіперанімічных і сінанімічных), групоўка дзеясловаў з семай ‘жывёла’ не мае выразнай структуры. І гэта натуральна, бо пры вылучэнні ЛСГ дзеясловаў пад увагу бярэцца найперш адцягненае ўяўленне пра характар дзеяння, у выніку чаго ўсе дзеясловы адной ЛСГ характарызуюцца падабенствам семантыкі і сінтаксічных паводзін [8], у той час як дзеясловы, аб’яднаныя наяўнасцю прадметнай семы, абазначаюць самыя розныя сітуацыі, дзеянні і станы, удзельнікамі, выканаўцамі або носьбітамі якіх могуць выступаць рэферэнты, інфармацыя пра якія захоўваецца ў прадметнай семе. Такім чынам, у групоўку дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ ўваходзяць дзеясловы розных ЛСГ, аб’яднаныя агульнай прыметай – наяўнасцю ў семнай структуры семы ‘жывёла’. Цэнтральнае месца сярод дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’, напэўна, займаюць т.зв.  бестыяльныя дзеясловы.

Да бестыяльных дзеясловаў [9] традыцыйна адносяць дзеясловы, “што маюць у значэнні сему спецыялізаванага суб’екта, які выражаецца назвай жывёлы” [10] і “прыпісваюць (прэдыцыруюць) рэферэнтна-таксанамічнаму класу імёнаў ... “жывёлы” (лац. bestia) ўласцівыя ім дынамічныя прыметы” [11]. Гэта значыць, у семантыцы бестыяльных дзеясловаў зафіксаваныя веды чалавека пра анталагічныя ўласцівасці жывёл (напр., ліняць, гняздзіцца, квакаць, каціцца і пад.).

Бестыяльныя дзеясловы, дзякуючы сваім семантычным і сінтагматычным уласцівасцям, утвараюць так званую функцыянальна-анамасіялагічную групу (ФАГ) дзеясловаў. Дадзенае паняцце было ўведзена ў навуковы ўжытак Ф. Бацэвічам. Як адзначае даследчык, “групы дзеяслоўных прэдыкатаў, адлюстравальна арыентаваныя на рэферэнтна-таксанамічныя класы імёнаў суб’ектаў кшталту “жывёлы”, “расліны”, “людзі”, з’яўляюцца аб’яднаннямі слоў аднаго семіялагічнага (і камунікатыўнага) класа (прыкметавага, сігніфікатыўнага), члены якога: 1) анамасіялагічна аднародныя, бо прыпісваюць характэрныя дынамічныя прыкметы толькі аднаму рэферэнтна-адлюстравальнаму класу імёнаў суб’ектаў і 2) валодаюць агульнасцю функцый у працэсе спараджэння маўлення, фарміравання структуры выказвання, перш за ўсё прэдыкатыўнага ядра апошняга, яго прапазіцыі” [12]. Названыя адметнасці ФАГ дзеяслоўных прэдыкатаў уласцівыя бестыяльным дзеясловам.

Як паказаў аналіз, функцыянальна-анамасіялагічную групу бестыяльных дзеясловаў у беларускай мове складаюць прэдыкаты гучання (самая вялікая па колькасці лексем падгрупа), напр., бляяць, брахаць, буркаваць, гагатаць і інш.; руху (аднанапраўленага, рознанапраўленага, непаступальнага), напр., пырхаць, гарцаваць, напаўзаць, раіцца, гіжэць; тупаць, курзоліцца і інш.; змяшчэння ў прасторы, напр., уздыбіцца, задупкаваць і інш.; удару, напр., брыкаць, бадаць, лігаць і інш.; дотыку, напр., церабіцца, чэмхацца, залізваць і інш.; рыцця, напр, рыцца, кошкацца і інш.; пакрыцця, напр., засядзець, замураваць і інш.; стваральнай дзейнасці, напр., віць, скляпіць, цыраваць і інш.; дзейнасці па дасягненні мэты, напр., віжаваць, мышкаваць, паляваць і інш.; успрымання, напр., абнюхвацца і інш.; фізіялагічнага дзеяння (кармленне, ачышчэнне арганізму, дыханне, спароўванне, нараджэнне, рэакцыя на раздражненне), напр., хлябтаць, кляваць, дзюбаць; бэсціць, каліцца, схарашыцца; зехацець; спарвацца, вяснавацца, кныраваць, красавацца, пакрывацца; цяліцца, каціцца, шчаніцца, знесці; нахохліцца, ашчэрыцца, ашчаціцца і інш.; пашкоджання неадушаўлёнага аб’екта, напр.,  дзерці, грызці, кнысаць, тачыць і інш.; пашкоджання цела жывой істоты, напр., джаліць, джгаць, жыгаць, кусаць, кніцець і інш.; пазбаўлення жыцця, напр., выдусіць, задзерці, заесці, расплатаць і інш.; супрацьдзеяння, напр., грызціся, бароцца, дзяўбціся, секчыся і інш.; фізіялагічнага стану (хвароба, стомленасць, палавая актыўнасць, цяжарнасць), напр., абадзьмуцца, апаршавець, пучыць, ахваціцца, залазаваць; запеніцца, зашумецца, узмыліцца; нераставаць, паляваць, быдлаваць, гайняваць, гудзець, маркітаць, руіцца; пабегаць, пабыдлаваць, пагукаць, пакатнаваць, пакрыцца і інш.; змены эмацыйнага стану, напр., успудзіцца, дзівачыцца і інш.; станаўлення і змены якасных (марфалагічных і фізіялагічных) характарыстык, напр., ліняць, аперыцца, акукліцца, ялавець, зарвацца, здзічэць і інш.; станаўлення і змены колькасных характарыстык, напр., убучэць, укарміцца і інш.; якаснай (фізіялагічнай і “паводзіннай”) уласцівасці, напр., несціся, вадзіць, радзіць; лігацца, брыкацца, бадацца і інш.; пачатку існавання, напр., нарадзіцца, вывесціся, прадзяўбціся, вылупіцца і інш.; быцця-існавання, напр., гняздзіцца, вадзіцца і інш.; спынення быцця, напр., здохнуць, апрутнець, дацца, здырдзіцца, змітрэжыцца, прапасці, тохнуць, звясціся, зраіцца і інш.

Аднак не ўсе дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’ ўваходзяць у склад ФАГ бестыяльных дзеясловаў. Як адзначала А.А. Уфімцава, “намінацыя дзеяслоўнымі лексемамі адбываецца непазбежна з арыентацыяй на сферу суб’екта і/або сферу аб’екта. Таму дзеяслоў як намінатыўная адзінка мае кожны сваю анамасіялагічную формулу, якая раскрывае яго семантычную скіраванасць на адну з дзвюх указаных сфер” [13]. Паняцце “бестыяльныя дзеясловы” скіроўвае даследчыкаў толькі да тых дзеяслоўных прэдыкатаў, якія спалучаюцца з імёнамі-назвамі жывёл у функцыі суб’екта. Між тым, у беларускай мове існуе шэраг дзеясловаў, такіх як падкоўваць, даіць, запрагаць і пад., якія вымагаюць ужывання пры сабе заонімаў, але не ў пазіцыі суб’екта, а ў пазіцыі аб’екта дзеяння, г. зн. такія дзеясловы арыентаваныя на сферу аб’екта. У семнай будове такіх дзеясловаў прысутнічае прадметная сема ‘жывёла’, якая эксплікуецца ў абавязковай аб’ектнай пазіцыі.

Асобны выпадак уяўляе нешматлікая колькасць дзеясловаў накшталт выседзець ‘седзячы на яйцах, вывесці птушанят’ [14], прывесці разм. даць жыццё каму-небудзь, нарадзіць (пра жывёлу)’ [15], таптаць разм. апладняць самку (пра птушак)’ [16]), пакрыць ‘апладніць (пра жывёл)’ [17] і пад. Пры такіх дзеясловах назвы жывёл займаюць і суб’ектную, і аб’ектную пазіцыі. Паводле сваёй асноўнай анамасіялагічнай характарыстыкі (прыпісваюць характэрныя дынамічныя прыкметы толькі аднаму рэферэнтна-адлюстравальнаму класу імёнаў суб’ектаў, што выяўляецца ў спалучальнасці з імем-назвай жывёлы ў суб’ектнай пазіцыі) такія дзеясловы ўваходзяць у ФАГ бестыяльных дзеясловаў, але іх семантыка ўскладненая інфармацыяй, што дзеянне, якое выконваецца жывёлай, пераходзіць таксама на жывёлу. Фактычна такія дзеясловы ўтрымліваюць адразу дзве семы ‘жывёла’, адна з якіх прадвызначае характар імя ў пазіцыі суб’екта, а другая ў пазіцыі аб’екта.

Для беларускай мовы характэрна наяўнасць і такіх дзеясловаў, як счарвець, урабачэць і пад., з агульнай семантыкай з’яўлення (узнікнення) пэўных жывёл (насякомых) у межах пэўнага аб’екта. Прадметная сема ‘жывёла’ ў такіх дзеясловах можа эксплікавацца на марфемным узроўні (корань у такіх дзеясловах перадае значэнне актанта). Наяўнасць семы ‘жывёла’ ў значэнні такіх дзеясловаў таксама збліжае іх з дзеясловамі бестыяльнымі.

На марфемным узроўні сема ‘жывёла’ эксплікуецца і ў дзеясловах тыпу малпаваць, папугайнічаць і пад. Аднак дадзеныя дзеясловы, нягледзячы на наяўнасць у іх структуры непасрэдных спасылак на пэўныя віды жывёл, не могуць лічыцца бестыяльнымі, бо яны не абазначаюць дзеянні (або станы) з удзелам жывёл, а толькі скіроўваюць да іх як да аб’ектаў параўнання. Семантычную структуру названых дзеясловаў часам характарызуюць, як ‘весці сябе, нібы Х (не з’яўляючыся Х-ом)’, дзе Х – назва жывёлы [18]. Наогул жа падобныя дзеясловы, утвораныя ад назваў жывёл, прынята называць дзеяслоўнымі зоамарфізмамі. У сваёй большасці яны характарызуюць паводзіны чалавека (за выключэннем групы дзеясловаў накшталт цяліцца, каціцца і пад., якія абазначаюць працэс нараджэння жывой істоты, а таму павінны разглядацца ў межах бестыяльных дзеясловаў).

Як было паказана, прадметную сему ‘жывёла’ ўтрымліваюць не толькі тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на спалучальнасць з імёнамі-назвамі жывёл у пазіцыі суб’екта і абазначаюць пэўныя анталагічныя ўласцівасці жывёл, але і тыя, у якіх сема ‘жывёла’ эксплікуецца ў пазіцыі аб’екта або зусім не знаходзіць свайго выражэння на сінтаксічным узроўні. Зразумела, што семантычныя асаблівасці і сінтаксічныя паводзіны дзеясловаў, што належаць да кожнай з адзначаных груп, розныя, аднак наяўнасць у семнай структуры гэтых дзеясловаў прадметнай семы ‘жывёла’ збліжае іх і дае падставы для пашырэння паняцця “бестыяльныя дзеясловы” на ўсе дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’ (такое пашырэнне паняцця дазволіла б пазбегнуць выкарыстання складаных апісальных канструкцый, тыпу “дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’, якія патрабуюць выкарыстання імёнаў-назваў жывёл (заонімаў) у пазіцыі аб’екта” і пад.). Таму нам бачыцца мэтазгодным прапанаваць уласную класіфікацыю дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’, у якой былі б аб’яднаныя ўсе дзеясловы з названай семай і адначасова ўлічаныя асаблівасці іх функцыянавання.

У межах дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ вылучым наступныя групы:

1. суб’ектна-бестыяльныя дзеясловы;

2. аб’ектна-бестыяльныя дзеясловы;

3. сінкрэтычныя бестыяльныя дзеясловы;

4. бестыяльныя дзеясловы ўзнікнення і каузацыі змены стану.

Першым тэрмінам мы ахарактарызавалі тую сукупнасць дзеясловаў, якую традыцыйна адносяць да бестыяльных, г. зн. дзеясловы, “што маюць у значэнні сему спецыялізаванага суб’екта, які выражаецца назвай жывёлы” [19], напрыклад, кукарэкаць, дзюбаць, гізаваць, гняздзіцца і пад. Такія дзеясловы ўтвараюць асобную ФАГ дзеясловаў.

Сінкрэтычныя бестыяльныя дзеясловы блізкія да суб’ектна-бестыяльных дзеясловаў, але яны поруч з семай жывёлы-суб’екта утрымліваюць сему жывёлы-аб’екта і абавязкова з’яўляюцца пераходнымі, напрыклад, выседзець, таптаць, пакрываць, кусаць і пад. Як і суб’ектна-бестыяльныя дзеясловы, яны ўваходзяць у ФАГ бестыяльных дзеясловаў, бо абазначаюць анталагічныя дынамічныя прыкметы жывёл. У семантычным плане да сінкрэтычных бестыяльных дзеясловаў набліжаюцца дзеясловы тыпу цяліцца, жарабіцца, шчаніцца і пад. Аднак семантычны аб’ект у дадзеных дзеясловах выражаецца не на сінтаксічным, а на марфемным узроўні, што адбіваецца на іх сінтагматычных уласцівасцях. Параўнайце: цяліцца – нарадзіць цяля, жарабіцца – нарадзіць жарабя, шчаніцца – нарадзіць шчаня. Такія дзеясловы можна назваць матываванымі сінкрэтычнымі бестыяльнымі дзеясловамі.

Аб’ектна-бестыяльныя дзеясловы, або дзеясловы, якія спалучаюцца з імем жывёлы ў пазіцыі аб’екта (брытаць, дрэсіраваць і пад.), не ўваходзяць у ФАГ бестыяльных дзеясловаў. Яны не абазначаюць дзеянні, выканаўцамі якіх з’яўляюцца жывёлы, а паказваюць, якому ўздзеянню можа падвяргацца жывёла. Натуральна, што ўсе гэтыя дзеясловы пераходныя і сярод іх няма статальных дзеясловаў.

Бестыяльныя дзеясловы ўзнікнення і каузацыі змены стану (напр., чарвівець, счарвець, урабачэць) маюць даволі спецыфічную семантыку. З аднаго боку яны абазначаюць, што ў межах пэўнага прадмета ўзніклі жывыя арганізмы, спасылка на якія знаходзіцца ў корані дзеяслова, а з іншага боку, працэс узнікнення жывых арганізмаў прадстаўляецца як змена стану, якаснай характарыстыкі прадмета ў выніку ўздзеяння гэтых арганізмаў на прадмет. Дадзеныя дзеясловы эксплікуюць сему ‘жывёла’ на марфемным узроўні.

Пашырэнне паняцця “бестыяльныя дзеясловы” на ўсе дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’ дазваляе вызначыць не толькі тое, у якой ступені і якім спосабам у мове адлюстраваныя пэўныя анталагічныя ўласцівасці жывёл, але і кола тых адносінаў, у якія яны могуць уступаць, г. зн. даць комплекснае ўяўленне, якія веды пра свет жывёл захоўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы беларускай мовы.

Другая праблема, з якой мы сутыкаемся, калі пачынаем акрэсліваць змест паняцця “дзеясловы з прадметнай семай ‘жывёла’”, – вызначэнне таго сэнсу, які мы ўкладваем у само паняцце “жывёла”. Як слушна адзначае Ф.С. Бацэвіч, “імя на першы погляд аднаго адлюстравальнага класа можа хаваць розныя рэферэнтныя сутнасці (анамасіялагічныя статусы)” [20]. Адбываецца так таму, што ў залежнасці ад сітуацыі “любая … з сем можа актуалізавацца, выйсці на першы план, уключыцца ў рэму выказвання, у той час як іншыя семы, якія адлюстроўваюць ужо вядомыя або неістотныя для гаворачых аспекты з’яў, страчваюць камунікатыўную значнасць, адыходзяць на другі план … і могуць зусім знікнуць з семантычнай структуры слова” [21]. У залежнасці ад інтэнцыі гаворачага ў маўленні імя жывёлы напаўняецца рознымі сэнсамі і пачынае суадносіцца з некалькімі адлюстравальнымі класамі. Услед за Ф.С. Бацэвічам назавём такую з’яву дэнататыўнай расчлянёнасцю [22]. У такіх спалучэннях, як разбіраць парсюка, смаліць свінню і пад., у імёнаў парсюк і свіння сема ‘жывёла’ паслабляецца, “пагашаецца”, адыходзіць на перыферыю значэння, у той час як пачынае актуалізавацца сема ‘рэчыва, прадукт пераапрацоўкі’, і самі гэтыя імёны перастаюць з’яўляцца часткай рэферэнтна-таксанамічнага класа “Жывёла”. Адпаведна і дзеясловы тыпу разбіраць, смаліць – гэта крайняя перыферыя дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’.

Для рэферэнтна-таксанамічнага класа “Жывёлы” з’ява дэнататыўнай расчлянёнасці характэрная ў нязначнай ступені. Часам назва жывёлы выступае ў якасці абазначэння “цела-прасторы” (напр., карова ляжыць у цяньку), але нават у такіх выпадках імя-назва жывёлы не страчвае сувязь з паняццем жывой матэрыі. У якасці абазначэння “цела-рэчыва” імя жывёлы выступае ў выразах накшталт конь ужо расклаўся, а ў якасці артэфакта (прадукта пераапрацоўкі) – у такіх выразах, як норка, вавёрка ішлі на футра. Для абазначэння прадуктаў харчавання жывёльнага паходжання часта выкарыстоўваюцца спалучэнні са словам мяса (напр., качынае мяса) або асобныя лексемы (накшталт ялавічына, свініна і пад.), што дазваляе пазбегнуць двухсэнсоўнасці, хаця ў мове дапушчальныя і выразы тыпу запякаць парсюка, смажыць рыбу і пад., калі гутарка ідзе пра факт прыгатавання (апрацоўкі) ўсёй жывёлы цалкам.

У штодзённым маўленні паняцце “жывёлы” звычайна супрацьпастаўляецца такім паняццям, як “птушкі”, “рыбы”, “насякомыя” і пад. Аднак у строгім біялагічным разуменні такое супрацьпастаўленне з’яўляецца памылковым, бо з пункту гледжання біялагічнай сістэматыкі і птушкі, і рыбы, і насякомыя – гэта ўсё прадстаўнікі менавіта царства “Жывёлы”. Калі абагульніць асноўныя слоўнікавыя дэфініцыі, то можна прыйсці да высновы, што пад жывёлай варта разумець любы жывы арганізм, які: 1) здольны самастойна рухацца; 2) валодае адчувальнасцю; 3) харчуецца гатовымі арганічнымі злучэннямі. Менавіта ў такім найбольш шырокім сэнсе паняцце жывёла выкарыстоўваецца ў дадзенай працы.

Асобнае і даволі складанае пытанне – характар узаемаадносінаў паміж бестыяльнымі і персанальнымі дзеясловамі. Як адзначаецца ў літаратуры, “склад дзеясловаў з прадметнымі спецыялізаванымі семамі таксама нельга лічыць аднародным. У сувязі з гэтым іх спалучальнасць можа быць ахарактарызавана як больш шырокая або больш вузкая ў залежнасці ад якасці субстанцыянальных сем – ад ступені іх спецыялізацыі” [23]. У залежнасці ад ступені спецыялізацыі вылучаюць наступныя тыпы дзеясловаў вузкай дэнататыўнай аднесенасці: 1) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да родавых назваў-актантаў (напр., завянуць, засохнуць – для ўсіх раслін), 2) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да відавых назваў-актантаў (напр., гняздзіцца – для некаторых відаў птушак), 3) дзеясловы, якія спецыялізуюцца да індывідуальных назваў-актантаў (напр., буркатаць – голуб, рохкаць – свіння) [24]. У бестыяльных дзеясловаў родавыя абмежаванні на спалучальнасць выяўляюцца ў здольнасці дзеясловаў спалучацца з імёнамі ўсіх (ці абсалютнай большасці) прадстаўнікоў царства “Жывёлы” (напр., вадзіцца, здохнуць і пад.), відавыя – у спалучальнасці з імёнамі прадстаўнікоў асобных тыпаў, класаў ці некалькіх сямейств, атрадаў жывёл (напр., гняздзіцца – для некаторых відаў птушак, ліняць – для некаторых жывёл, нераставаць – для некаторых рыб), індывідуальныя – у спалучальнасці з імёнамі прадстаўнікоў пэўнага сямейства ці біялагічнага віда (напр., буркатаць – голуб, рохкаць – свіння, квакаць – жаба).

Аналіз сінтагматычных уласцівасцей бестыяльных дзеясловаў паказаў, што ў большасці выпадкаў яны, у адрозненне, напрыклад, ад грамінальных дзеясловаў (дзеясловаў з прадметнай семай ‘расліна’), накладаюць відавыя або індывідуальныя спалучальнасныя абмежаванні на сваё акружэнне. Фактычная адсутнасць бестыяльных дзеясловаў з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць і наяўнасць вялікай колькасці дзеясловаў, якія абазначаюць дзеянні або станы, агульныя для жывёл і чалавека (такія дзеясловы разглядаюцца Ф. Бацэвічам як многапрызнакавыя [25], напр., есці, піць, спаць, глядзець і пад.), прывялі нас да высновы, што вылучэнне такой сферы дэнататыўнай прасторы дзеяслова, як хомадынаміка [26] (г.зн. дзеянні, дзейнасць і стан чалавека), мае даволі ўмоўны характар. Адсутнасць бестыяльных дзеясловаў з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць можна патлумачыць толькі тым, што дзеясловы, якія абазначаюць агульныя для ўсіх жывёл дзеянні і станы, звычайна выкарыстоўваюцца і для характарыстыкі чалавека і, адпаведна, не маюць у слоўніках памету “пра жывёл”. Толькі ў тым выпадку, калі разглядаць чалавека не ў якасці нейкай абсалютна самастойнай сутнасці, а ў якасці аднаго з відаў жывёл, дадзеная супярэчлівасць здымаецца, і мы здольныя выявіць тры ступені абмежаванняў на спалучальнасць. І гэта натуральна, бо ў такім выпадку дзеясловы накшталт есці, піць, глядзець, слухаць і шэраг іншых набываюць статус  не многапрызнакавых, а суб’ектна-бестыяльных дзеясловаў з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць і, адпаведна, спалучаюцца як з назвамі жывёл (у вузкім сэнсе) (напр., конь/ чарапаха/ малпа есць, п’е, глядзіць, слухае), птушак (курыца/ папугай/ сарока есць, п’е, глядзіць, слухае) і г.д., так і з імёнамі-назвамі чалавека як біялагічнага віда, антрапонімамі, імёнамі чалавека паводле яго сацыяльных функцый, узроставых, палавых асаблівасцей і інш. (чалавек/ мужчына/ муляр есць, п’е, глядзіць, слухае). У дадзеным выпадку працуе правіла, у адпаведнасці з якім усім індывідам уласцівыя характарыстыкі віда, а ўсім відам – характарыстыкі рода (адносна шырокая спалучальнасць дзеясловаў тыпу есці, піць, глядзець, слухаць у такім выпадку і тлумачыцца тым, што яны з’яўляюцца дзеясловамі з родавымі абмежаваннямі на спалучальнасць, а значыць, спалучаюцца з імёнамі ўсіх прадстаўнікоў царства “Жывёлы”).  Для нас з’яўляецца блізкай пазіцыя часткі філосафаў, якія разглядалі чалавека як “жывёлу, што захварэла на дух[27]. Менавіта спалучэннем фізіялагічнага (жывёльнага) з духоўным абумоўлена спецыфіка чалавека. І ўсе тыя дзеясловы, якія характарызуюць спецыфічную “духоўную” дзейнасць чалавека (напр., дзеясловы ментальных дзеянняў, дзеясловы маўленчай дзейнасці і пад.), з пункту гледжання сістэмнасці варта разглядаць не ў якасці асобнага класа, а ў якасці суб’ектна-бестыяльных дзеясловаў з відавымі абмежаваннямі на спалучальнасць, суб’ектамі пры якіх з’яўляюцца імёны прадстаўнікоў віда homo sapiens. Як было паказана, толькі пры такім падыходзе захоўваецца цэльнасць і ўнутраная несупярэчлівасць сістэмы дзеясловаў. Аднак нягледзячы на тое, што ўсе персанальныя дзеясловы фактычна павінны ўваходзіць у ФАГ бестыяльных дзеясловаў, само вылучэнне семы ‘персанальнасць’ цалкам абгрунтаванае, бо ў шэрагу славянскіх моў яна мае фармальнае выражэнне на паверхнева-граматычным узроўні (напр., мужчынская персанальнасць у польскай мове, сувязь граматычнай адушаўлёнасці з мужчынскай персанальнасцю ў славацкай мове, аднак у названых выпадках рэлевантнай аказваецца менавіта мужчынская персанальнасць, а не персанальнасць як такая), што сведчыць пра яе адносную самастойнасць і значнасць, а самі дзеясловы з семай ‘персанальнасць’ утвараюць значны па колькасці лексічных адзінак клас. Іншая справа, што гэтая сема ў складзе дзеясловаў павінна класіфікавацца не ізалявана, а ў цеснай сувязі з семай бестыяльнасці (як яе канкрэтны від). 

Такім чынам, у якасці дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ (бестыяльных дзеясловаў) варта разглядаць тыя дзеясловы, якія накладаюць абмежаванні на сваю спалучальнасць і спалучаюцца пераважна з імёнамі-назвамі жывёл як жывых арганізмаў у пазіцыях суб’екта ці аб’екта або эксплікуюць прадметную сему ‘жывёла’ на марфемным узроўні і адлюстроўваюць у сваёй семантыцы анталагічныя дынамічныя прыметы жывёл або характар адносінаў, якія складваюцца паміж жывёлай і іншымі ўдзельнікамі сітуацыі. Аналіз дзеясловаў з прадметнай семай ‘жывёла’ здольны паказаць, якія веды пра жывёльны свет захоўваюцца ў дзеяслоўнай семантыцы беларускай мовы, вызначыць ролю прадметных сем у арганізацыі выказвання, раскрыць некаторыя прынцыпы дзеяслоўнай намінацыі сітуацый з удзелам жывёл.

Мінск

 

Сайт создан в системе uCoz